Беларуская мова замацавалася ў касцёле пры Свёнтку

Еўрарадыё: Як вы можаце ацаніць ролю кардынала Свёнтка ў адраджэнні касцёла ў Беларусі?


Стральцоў-Каравацкі: “Я лічу, што яго роля вельмі важная у плане пабудовы арганізацыйных структураў касцёла, паколькі вядома, што ў час, калі ксёндз-кардынал стаў на чале касцёла ў Беларусі, структуры касцёла былі яшчэ досыць неразбудаваныя. Не было духоўнай семінарыі ў Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі, якая потым узнікла і ў якую ксёндз-кардынал уклаў і свой асабісты талент і асабістае жаданне, паколькі ён быў з горадам Пінскам непасрэдна звязаны. І гэта вельмі важна. Па-другое, пытанне беларускай мовы ў касцёле, яно таксама вырашалася ў часы, калі ксёндз-кардынал стаяў на чале нашага касцёла. І, трэба сказаць, што ён гэтае пытанне з майго пункту гледжання вырашаў вельмі пазітыўна для беларускай мовы, прытым не абражаючы пачуццяў прадстаўнікоў тых іншых этнічных групаў, якія таксама ёсць у касцёле”.

Еўрарадыё: Казімір Свёнтэк быў прызначаны першым мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілеўскай метраполіі у 1991 годзе. Тады яму было 77 гадоў. Калі глядзець на гісторыю касцёла незалежнай Беларусі, ці не перашкаджаў узрост яго актыўнай дзейнасці?


Стральцоў-Каравацкі: “З каталіцкага пункту гледжання розніца ва ўзросце не адыгрывае фактычна істотнай ролі ў тым сэнсе, што біскуп і кардынал – яны таксама вернікі. А вернік заўсёды глязіць на сваю ролю ў касцёле такім чынам, што гэта Бог давярае яму місію. І калі Бог яго выбраў у гэтым веку выканаць гэтую місію, значыць ён прадугледзеў і сродкі, магчымасць для ажыццяўлення. І таму тут такога пытання не стаяла, што цяжка. Вядома, цяжка, але гэта з чыста чалавечага пункту гледжання. А з пункту гледжання тэалягічнага – гэта ёсць божая воля і ёсць людзі, якія пакліканыя яе выканаць. Значыць, ніхто іншы у дадзеным часе не мог узнікнуць і не мог выканаць гэтую місію”.

Еўрарадыё: Ці перадаваў Казімір Свёнтэк нейкім чынам свае паўнамоцтвы? Як гэта функцыянуе ў касцёле?


Стральцоў-Каравацкі: “Біскупа ў касцёле прызначае папеж сваім рашэннем, Папа Рымскі. І вядома, ён раіцца з тымі асобамі на месцы, з якімі ўважае ўвогуле за патрэбнае. І напэўна, такія думкі, парады даходзілі ў тым ліку ў ранейшы перыяд часу і ад ксянддза-кардынала. Але з абсалютнай пэўнасцю мы не можам сцвярджаць, што менавіта паўплывала на такія ці іншыя рашэнні. Хаця вядома, на нейкім этапе кансультацыі адбываюцца”

Еўрарадыё: Да пачатку вайны Казімір Свёнтэк сядзеў у савецкай турме і нават быў прыгавораны да расстрэлу. Пасля вайны ён зноў апынуўся ў лагерах. Ці выйшлі нейкія яго ўспаміны, мемуары?


Стральцоў-Каравацкі: “Яго ўспамінаў, наколькі мне вядома, ніхто не бачыў, бо выдадзеных іх няма. Але ёсць сэрыя фільмаў пра яго, якія былі зробленыя польскімі тэлевізійнымі кампаніямі. У тым ліку, напрыклад, фільм які называецца “Пастыр”. Там дастаткова падрабязнае інтэрв’ю з ксяндзом-кардыналам, дзе ён распавядае пра свой побыт у лягерах, пра сваю душпастырскую дзейнасць да таго і пасля таго. І варта было б гэтыя фільмы – яны зрэшты ў моўным сэнсе ідуць паралельна, ксёндз-кардынал гаворыць па-польску, але многія элементы там па-беларуску, сведчанні іншых людзей – варта было б напэўна іх цалкам прадубляваць па-беларуску і данесці да нашай грамадскасці”.

Еўрарадыё: Ці ў стане гісторыкі зараз будуць напісаць біяграфічную кнігу пра Казіміра Свёнтка?


Стральцоў-Каравацкі: “Вядома, гэта заўсёды магчыма. Па-першае, не забывайма, што ўся інфармацыя знаходзіцца ў вядомых нам органах, якія фіксавалті з дастатковай ступенню падрабязнасці жыццё тых асобаў, да якіх яны мелі, скажам, свае адносіны. І таму гэтая інфармацыя будзе ў нейкі пазнейшы перыяд даступная, і можна будзе гэта аднавіць і запісаць. Хаця, вядома, што было б добра і ад непасрэдных сведкаў яшчэ сабраць інфармацыю таксама, пакуль гэта магчыма”. 

Фота: "Народныя навіны Віцебска".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі