Алена Ліхавід: За кратамі я не дазваляла сабе плакаць

Еўрарадыё: З якімі пачуццямі вы выйшлі на свабоду?

Ліхавід: “Гэта мой першы і, спадзяюся, апошні вопыт. Я выйшла адтуль з пачуццём, што я стала мацней. Я зразумела, што прыйшлося і прыходзіцца праходзіць нашым родным, нашым дзецям, нашым мужам, я зразумела, праз якія прыніжэнні ім прыйшлося прайсці...

Там, дзе я знаходзілася, знявага — гэта іх канёк. Яны стараюцца зняважыць. І ўся гэтая атмасфера, уся сістэма працуе на знявагу. Яны не разумеюць, што тым, што яны робяць: умовамі ўтрымання, стаўленнем да нас, яны людзей наадварот гартуюць. Яны ўвагналі ў мяне такі металічны стрыжань, які нічым не пераламаеш. Я не дазваляла сабе плакаць, я ўвесь час сабе казала, што Мікіта ўсё гэта прайшоў і значыцца я таксама змагу гэта годна прайсці.

Вельмі крыўдна, непрыемна, калі ў цябе на вачах парушаюцца ўсе законы. Парушаюцца ўсе нормы, якія прапісаныя. І вельмі крыўдна за тое, што, знаходзячыся там, ты не можаш нічога змяніць, ты патрабуеш, а цябе не чуюць. Я цудоўна разумела, што мне трэба пратрымацца, мне трэба выйсці і ўжо знаходзячыся тут неяк працягваць барацьбу разам з сваім сынам і разам з астатнімі”.

Еўрарадыё: Ведаем, што з 10 сутак вы правялі трое сутак у карцары. За што вы трапілі туды?

Ліхавід: “Тут таксама былі парушаныя ўсе прадпісанні, усе нормы. Мне не паведамілі, за што мяне пераводзяць у адзіночную камеру, прычым з умовамі горшымі, чым я была ў камеры. Але яны мне далі зразумець, што я вельмі шмат патрабавала. Я патрабавала прагулак, я патрабавала праветрывання камераў згодна з графікам, я патрабавала нармальных (годных) адносінаў з боку адміністрацыі, з боку вартавых міліцыянтаў”.

Еўрарадыё: Ці ёсць ў вас нейкія новыя звесткі пра сына?

Ліхавід: “Акрамя таго, што з ім сустрэўся Андрэй Саннікаў, больш у мяне ніякай інфармацыі няма. Ад Мікіты няма лістоў. Спадзяюся, на гэтым тыдні мы зразумеем, што з Мікітам. Нашага адваката пазбавілі ліцэнзіі... Яна пакуль працуе, задаецца, трымаецца малайцом”.

Еўрарадыё: Ці будзеце пісаць скаргі на тое, што вас на 10 сутак, як кажуць, "закрылі" на Акрэсціна?

Ліхавід: “Так. Па-першае, у мяне ўжо пайшла скарга ў суд, але я яшчэ не ведаю, што там з разглядам маёй скаргі. Я таксама хачу сустрэцца з адвакатам і напісаць скаргі на ўсе парушэнні, якія ў мяне зафіксаваныя. Мне вельмі хочацца, каб неяк умовы ўтрымання змяніліся... Каб удзельнікі акцый, трапляючы туды, не гублялі пачуцця, што яны людзі, бо там проста нечалавечыя ўмовы”.

На здымку: Затрыманне Алены Ліхавід падчас "маўклівай" акцыі ў МІнску 20 ліпеня.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі