Akute паміж Космасам і Дзевачкамі альбо таямніцы магілёўскіх рокераў

Для свайго касмічнага канцэрта музыканты абралі бадай што самую падыходзячую пляцоўку горада – клуб Графіці. І, нягледзячы на "не зусім сезонны" чэрвень, паслухаць магілёўскі гурт набілася паўнюткая зала.

 

Для саміх музыкантаў такі аншлаг, падаецца, таксама стаў нечаканасцю.

Раман Жыгараў: "Для нас, ведаеце, поўная зала таксама нечаканая, але, шчыра кажучы, мы спадзяваліся на гэта, і гэта адбылося. Напрыклад, у Магілёве ўсё прасцей, бо там у нас ёсць людзі, якія заўжды прыйдуць да наш выступ. У Мінску гэтая перспектыва малявалася 50 на 50".

 

 

 

Тое, што адразу кідаецца ў вочы - арганічнасць гэтай каманды. З праграмай "Дзевачкі і космас" Akute нібыта адным вокам назіралі за новай аўдыторыяй, якая з’явілася ў гурта пасля выбуховага інтэрнэт-хіту "Адзіноцтва".

Раман Жыгараў: "Мы шчыра аддаёмся гэтай справе, і ёю жывем – сваёй музыкай і тэкстамі. Я не ведаю, адкуль яны да мяне прыходзяць. Гэта нейкі такі касмічны працэс. Я спадзяюся, што людзі, якія вучаць гэтыя словы, якія іх ведаюць і пяюць на канцэртах, адчуваюць іх так, як адчуваю я".

 

 

Акрамя праграмы "Дзевачкі і космас", гурт Akute прадставіў публіцы 10 новых песень, якія ўвойдуць у другі альбом каманды.

Раман Жыгараў: "Мы добра разумеем, якія песні маглі б стаць хітамі. І ўлічваючы гэта мы размяркоўваем праграму. Вядома, нам было вельмі цікава паглядзець, як людзі адрэагуюць на новыя песні, бо мы сёння сыгралі 10 новых трэкаў. Гэта ўжо будзе наступны альбом, запіс якога мы пачынаем неўзабаве".



Akute абяцаюць, што канцэпцыя альбома будзе кардынальна адрознівацца ад першага - у ім музыканты збіраюцца спусціцца ад халоднага святла зорак на дно. Нават калі ідэі для сваіх тэкстаў Akute працягваюць чэрпаць з космасу.

"Калі ў першым альбоме мы гаворым пра космас, пра нейкія вялікія прасторы, то цяпер усё будзе наадварот – гэта будзе самае дно, – распавядае пра свае асацыяцыі з новай пласцінкай Раман. - Гэта будзе нешта наадварот зачыненае ад усіх, такі позірк з цемры. Новыя тэксты прыходзяць, я б сказаў, страшныя. Я жыву са сваёй сяброўкай, і яна расказвае, што я па начах прачынаюся, устаю і пачынаю нешта пісаць. Я гэтага не памятаю проста. А раніцай ужо ёсць нейкі тэкст. І калі я зранку чытаю гэта – не разумею ўвогуле, адкуль гэта прыходзіць. Мне нават страшна".

Такія крайнасці ў канцэпцыях альбомаў музыканты тлумачаць "звычайнай" эвалюцыяй творчасці.

Раман Жыгараў: "Мы рухаемся і шмат працуем. У нас заўсёды ёсць нейкі так званы творчы працэс. І вось таму мы зараз рухаемся ў нейкім іншым кірунку. Гэта эвалюцыя!"


Назву будучага дыска Akute пакуль не раскрываюць, але жартуюць, што калі Космас услаўлялі Дзевачкі, то на дно, магчыма, спусцяцца Хлопчыкі.

Раман Жыгараў: "Нам прапанавалі ў інтэрнэце назваць наступны альбом "Хлопчыкі і піва". Ну, нармальна, мы падумаем над гэтым. А "Дзевачкі і Космас" азначае роўна тое, што азначае – проста "Дзевачкі і Космас". Вы гэту назву разумееце па-свойму, мы па-свойму".

 

Але ж гэта самае "па-свойму", як і глыбінныя сэнсы свайго Космасу Рома раскрываць не стаў. Больш за тое – нават закрыўся.

Раман Жыгараў: "Гэта тайна, мы яе нікому не раскрываем. Гэта вельмі патаемны такі сэнс. Мы ўваходзім у таемны ордэн і нам нельга распавядаць пра таямніцу назвы нашага альбома. Усё, выбачайце, але мне нельга працягваць гэтую тэму".

 

Нагадаем, што альбом "Дзевачкі і Космас" можна спампаваць тут.

 

Фота: Вячаслаў Радзівонаў

абяцаюць спусціцца з космасу на дно

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі