"Акустыка вясны": іншыя інтанацыі для размовы з моладдзю (слухаць)

130307_mashka_akustika_vesny.mp3

“Для некага вясна пачынаецца з капяжу, для некага — з журчання ручайкоў, а для клуба “Бон Тон” і для нас вясна пачынаецца з фестывалю “Акустыка вясны”, — распачынае канцэрт вядучы. У гэты момант каманда Еўрарадыё быццам бы пераносіцца ў часе гадоў на 25 назад. Але на вуліцы сакавік 2013-га. Мы ў Палацы моладзі на фэсце “Акустыка вясны”.

Гледзячы ў залу, вядучы дадае: “І, мабыць, нават добра, што нас сёння так не шмат, бо кантакт будзе бліжэйшым. Напэўна, больш шчырым... І з кожным асабіста мы зможам пагаварыць і абмеркаваць актуальныя тэмы музычнай супольнасці нашай краіны”.

Можна бясконца іранізаваць над гэтымі наіўнымі камсамольскімі пасажамі. Але шчырае жаданне арганізатараў “акустыкі” неяк па-свойму — так, як умеюць — дагрукацца да моладзі — відавочнае. Праграма канцэрта амаль дарослая: не хардкор, вядома, але і не філармонія… Але ў строгім тэатральным аздабленні нават Hair Peace Salon выглядае крыху недарэчна. Прыкладна так Znich год таму стаялі на прасторнай светлай сцэне маладзечанскага Палаца культуры падчас апошняй “Рок-каранацыі”.

karavan.mp3

(новая песня гурта Karavan)

Канцэрт праходзіць у фармаце ток-шоў. Па задуме, музыкі граюць свае акустычныя сэты, і паміж песнямі вядуць дыялог з гледачамі. Праўда, гледачоў гэтым разам 25 чалавек. І дыялог не клеіцца. Вядучы спрабуе выправіць сітуацыю, аднак атрымліваецца не заўсёды. Прыкладна так выглядае яго размова з лідарам “Каравана” і адным з арганізатараў канцэрта Аляксеем Бразгоўкам:

Вядучы: Гурт Karavan зладзіў еўрапейскі тур. Ці ёсць увогуле адрозненне паміж Беларуссю і Еўропай?

Аляксей Бразгоўка: Несумненна.

Вядучы: Публіка іншая? Што іншае?

Аляксей Бразгоўка: Шмат што па-іншаму. Няма сэнсу ўдавацца ў такую доўгую дыскусію. І з тэхнічнага пункту гледжання, і з практычнага, і з унутранага, мне падаецца, там цікавей.

Humuskiss

 

hk.mp3 

("Kiss from a rose" Seal у варыянце Humuskiss)


Аляксей Бразгоўка сольна выконвае песні з рэпертуару “Каравана”. Humuskiss (дуэт Рамана Сухоцкага з Avias і Валерыі Валадзько з “Гаротніцы”) выдае порцыю фірмовых кавераў на Б’ёрк, Marcheeba, No Doubt. Паўнавартасны акустычны сэт дэманструюць Hair Peace Salon. На думку лідара гурта Алега Вяля, канцэрту не хапае новага імя — яго з’яўленне магло б лёгка запоўніць тэатральную залу Палаца моладзі.

Алег Вяль: “На жаль, гэтым разам не было калектыву, які здолеў бы прыцягнуць цікавасць новай публікі і публікі з мінулых “акустык”. Напрыклад, гурта Akute. Да таго ж, у Мінску цяпер адбываецца вялікая колькасць мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Таму і арганізатары, і музыкі мусяць максімальна якасна, адказна і цікава падыходзіць да рэкламы і рэалізацыі імпрэзы”.


Кіраўнік клуба культурных камунікацый “Бон Тон” Людміла Каташынская не разумее, чаму “Акустыка” пакуль “не дайшла да свайго слухача”. І гэта нягледзячы на 7-гадовы ўзрост фэсту, прафесіяналізм і імёны яго ўдзельнікаў і добрую ідэю.

Людміла Каташынская: “Гэта адна з формаў стасункаў з сучаснай моладдзю. Рок-музыка збірае пэўнае кола моладзі, і мы б хацелі з ёй размаўляць з іншымі інтанацыямі, чым гэта адбываецца ў клубах. Мы спрабуем прывіваць моладзі густ да манеры паводзінаў, да манеры стасункаў”.

neba-abraz.mp3 

"Неба-абраз" ад Hair Peace Salon (музыкі папаўняюць калекцыю сваіх беларускамоўных песень)

Але рок-музыка — гэта і ёсць пэўная сістэма каштоўнасцяў, манера паводзінаў і стасункаў. Яе немагчыма “афарбаваць” іншымі інтанацыямі, не ператварыўшы ў нешта іншае. Нават спрабаваць не варта. “Акустыка вясны”, безумоўна, мае права на жыццё. Але не для таго, каб некага ў нечым пераканаць. Наўрад ці атрымаецца данесці яе “мэсадж” да заўсёднікаў Re:Public ці Jack Club.

А значыць, акустычныя канцэрты XXI стагоддзя мусяць знайсці і зачапіць сваю аўдыторыю. Натуральна, апроч добрай рэкламы, трэба падкарэктаваць фармат. Вядучы мусіць адмовіцца ад недарэчных пытанняў. Сцэна падчас “Акустыкі” мае пазбавіцца ад сваёй фірмовай фіранкі (рокеры пад ёй выглядаюць як мінімум смешна). І, галоўнае, штогод у лайн-апе павінны з’яўляцца новыя імёны. Hair Peace Salon трэці раз граюць на “Акустыцы вясны”! А, між іншым, цяпер акустычныя праграмы мае ледзьве не кожны другі беларускі гурт. Нават Neuro Dubel.

І тады ўсё будзе актуальна і да месца. Бо вясна акурат і мусіць пачынацца з такіх добрых, лёгкіх песень і цёплых стасункаў.

samoliot_0.mp3  "Самолёт" з дэз-метал-кор-мінулага "Каравана"

hk1.mp3

lana_0.mp3

(Песня Ланы дэль Рэй у выкананні Алега Вяля)

haliluja.mp3 

(Знакамітая "Hallelujah" Леанарда Коэна ад Алега Вяля)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі