Афрыка [5]: Узгорак Канстытуцыі і турма Мандэлы

Некаторы час гэты форт служыў па прызначэнні і там была турма. Асобна быў мужчынскі блок, асобна — жаночы, таксама розныя аддзяленні былі для чорных і белых: іх па-рознаму ўтрымлівалі, кармілі, каралі і сялілі між сабой. У турме былі катаванні, быў гвалт, адным словам — месца дэпрэсіўнае і цяжкае.

 

З 1995 года на Пагорку Канстытуцыі існуе Канстытуцыйны суд краіны. Запрашаем на шпацыр!

Полымя Дэмакратыі: гэты агонь быў запалены 10 снежня, у Дзень правоў чалавека ў 2011 годдзе, у гонар ўгодак стварэння Канстытуцыі Паўднёвай Афрыкі, якая дасюль лічыцца адной з самых дэмакратычных канстытуцый у свеце.

Набываем білецікі. Побач з касамі стаіць страшэнная інсталяцыя з людзьмі, якіх катуюць. Яна яшчэ і свеціцца!

Мы трапляем у камеру Нэльсана Мандэлы! Ён на працягу 5 гадоў быў зняволены ў гэтай турме (з 1961 года), а большую частку свайго тэрміну ён правёў на востраве Робэн (18 з 27 год), што побач з Мысам Добрай Надзеі.

Дарэчы, вось правілы жыцця Нэльсана Мандэлы via Esquire! Раім пачытаць.

Зараз мы ў жаночай турме. 

Асабістыя рэчы жанчын, іх галасы, іх словы.

Камера была вось такога памеру. Тут жылі… 4 чалавекі!

Вязняў пыталі святлом: "У маёй камеры №4 святло гарэла ўвесь час. Гэта вельмі мне замінала, таму што я была цалкам дэзарыентаванай" (Джойс Дыпалэ).

На падлозе можна заўважыць меткі: раней тут былі сцены і шмат камер.

Скульптура з вопраткі і абутку вязняў.

Форма наглядчыцы і жанчыны-вязня.

Унутраны дворык. Тут шпацыравалі вязні. У дальнім куце — слуп з колам наверсе: гэта душ.

Ложак вязня.

Партрэт жанчыны, якая была другой у Паўднёвай Афрыцы, каго пакаралі смерцю праз павешанне за злачынства. Яна была адной з 11 дзяцей, працавала яна медсястрой. Яе вінавацілі ў забойстве аднаго з трох мужоў… Кажуць, яе здань дагэтуль блукае па гэтай турме…

Гульнявыя карты вязняў.

Значкі вязняў.

Паштоўка адной з вязняў да сваёй дачкі.

Словы Нэльсана Мандэлы: "Кажуць, што немагчыма добра разумець нацыю, пакуль не пабываеш у яе турме". 

Мужчынскі блок. Тут сядзеў нават сам Гандзі!

Махатму Гандзі затрымалі за ўзначальванне Руху негвалтоўнага супраціву і таксама за адмову насіць з сабой пропускі (раней усе чорныя былі вымушаныя паўсюль хадзіць са спецыяльным дакументам-пропускам).

Мужчынская камера, дзе трымалі шмат людзей.

Вось так кармілі вязняў, злева — направа: белым, "каляровым" і азіятам, афрыканцам. Як бачна, хлеба, тлушчу і малака чорным не давалі ўвогуле (меркавалася, што ў чорных іншая сістэма стрававання). Затое чорным давалі кактэйль "Пузамандла" — фактычна, гэта пратэінава-вітаміннае пітво, якое забяспечвала арганізм чорнага неабходнымі для функцыянавання рэчывамі. Таксама чорным і "каляровым" не давалі солі, чорным не давалі джэму, і гародніны белыя атрымлівалі ўдвая болей, чым астатнія.

Сталовая.

Побач са сталовай — прыбіральні. Фактычна гэта была адна з форм катавання: у спёку стаяў страшны смурод…

А вось тут цэлы блок турмы, прысвечаны Гандзі. Вось яго турэмная форма.

Скульптура на ўваходзе ў будынак Канстытуцыйнага суда.

Вось яна — першая Канстытуцыя Паўднёвай Афрыкі!

А вось — зала суда. Зараз Канстытуцыйны суд вельмі дэмакратычны, ёсць нават адзін віч-пазітыўны суддзя-гей!

Працяг будзе...