Афіцыйнай мовай ЕС прапануюць зрабіць "кепскую англійскую"

"Мне шкада ўсіх тых, каму неабходна мець зносіны з маёй англійскай, бо яна не найлепшая ў свеце", — прызнаўся міністр. Ён апраўдваецца тым, што "кепская англійская мова з'яўляецца найбольш шырока ўжыванай мовай Еўропы".

Паводле "Frankfurter Allgemeine Zeitung", у слабой англійскай прызнаюцца многія нямецкія палітыкі — у тым ліку еўракамісар ЕС Гюнтэр Этынгер і міністр замежных спраў Гіда Вестэрвеле.

Дарэчы, Вольфганг Шойбле прапанаваў у Бруселі, каб падчас пасяджэння Еўрапейскага савету не выкарыстоўваць перакладчыкаў для эканоміі грошай і часу, а ўсім гаварыць па-англійску. Але гэтаму запярэчыў тагачасны прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, які баяўся, што Вялікабрытанія атрымае перавагу ў ЕС. Шойбле адказаў французу, што брытанцы якраз панеслі б вялікія страты, бо іх мову калечыў бы кожны, як мог.