Ісландскі вулкан сапсаваў адпачынак тысячам беларусаў

Ісландскі вулкан працягвае псаваць планы еўрапейцаў, і беларусаў у тым ліку. Каля 2 тысяч чалавек планавалі пайсці на канцэрт ірландскага танцавальнага калектыву ў Мінску, запланаванага на 18 траўня. Але за дзень да канцэрту, высветлілася, што артысты не могуць вылецець з еўрапейскіх аэрапортаў з-за вулканічнага попелу.
Супрацоўніца Палаца Рэспублікі: "Толькі ўвечары за дзень да канцэрта стала вядома, што пераносіцца, бо рэальна не змаглі даляцець артысты з-за вулкана".
Канцэрт сусветна вядомага калектыву ірландскіх танцораў "Gaelforce dance" пераносіцца на два тыдні. У Вялікай зале Палаца Рэспублікі шоў пройдзе 2 чэрвеня замест 18 траўня.
Культурны адпачынак беларусаў ад актыўнасці ісландскага вулкана пакутуе ўжо не першы раз. У канцы красавіка адмянілі хакейны "Турнір чатырох" ― зборныя Славакіі, Швейцарыі і Нямеччыны не здолелі даляцець да Мінска. Месяц таму перанёсся запланаваны ў Мінску канцэрт нямецкага гурта Scorpions.
Тады ўдзельнікі гурта папрасілі прабачэння ў беларускіх фанатаў праз інтэрнэт і паабяцалі, што абавязкова прыедуць і зладзяць канцэрт трохі пазней.
Хаця ісландскі Эяф'ятлаёкюль не такі актыўны як месяц таму і вецер нясе попел пераважна на поўнач, еўрапейскія аэрапорты ўсё яшчэ не працуюць напоўніцу. Напрыклад, у панядзелак з-за воблака попелу ў Брытаніі і Нідэрландах у Еўропе адмянілі тысячу рэйсаў. 
Некаторыя навукоўцы прарочаць далейшыя, больш вялікія вывяржэнні. Напрыклад, вулканолаг брытанскага ўніверсітэта Эдынбурга Тор Тордасан лічыць, што надыходзіць гарачая пара і неўзабаве выбухнуць яшчэ некалькі іншых вялікіх ісландскіх вулканаў.
Зрэшты, спецыялісты ісландскага вулканалагічнага цэнтру больш асцярожныя ў сваіх ацэнках.
Менеджэр Нардычнага вулканалагічнага цэнтру Рыкэ: "Мы не маем дастатковай гісторыі вывяржэнняў, каб рабіць канкрэтныя прагнозы. Бо гісторыя выбухаў вулкана вельмі кароткая – толькі тры вывяржэнні за апошнія 1100 гадоў. Таму прадракаць, што будзе адбывацца з актыўнасцю вулкана, цяжка".
Апошні раз Эяф'ялаекюль прачынаўся ў 1821 годзе. А дагэтуль – у 1612 і 1920 гадах. І кожны раз за ім прачынаўся куды больш актыўны суседні вулкан Катла.
Менеджэр Нардычнага вулканалагічнага цэнтру Рыкэ: "Верагоднасць, што выбухне Катла – ёсць, сапраўды маецца павышаная рызыка ягонага вывяржэня ў бліжэйшыя два гады. Але гэта не факт".
Пакуль знакаў незвычайнай актыўнасці суседа няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі