Рэпартаж з “Экамедсэрвісу”: як сёння працуе скандальны мінскі медцэнтр

У інтэрнэт трапілі дакументы расследавання Міністэрства аховы здароўя па факце смерці Юліі Кубаравай пасля пластычнай аперацыі (надрукаваны на сайце “Нашай нівы”). Нагадаем, што пацыентка “Экамедсэрвісу” перанесла простую аперацыю 27-га сакавіка, а праз чатыры тыдні комы памерла. 

У паперах адлюстравана тое, што апарат вентыляцыі лёгкіх быў няспраўны, а адказны медык нават не зафіксаваў надзвычайнае становішча. 

Па выніках службовага расследавання і шматлікіх праверак Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзіі шэрагу лячэбных устаноў Беларусі на правядзенне анестэзіі. 

У будынак жа “Экамедсэрвісу” па вуліцы Талстога забаранілі пускаць журналістаў. Таму выпраўляемся сюды пад выглядам кліентаў. “Экамедсэрвіс”, падобна на тое, нармальна існуе. Адміністратары працуюць бойка, кліенты наведваюць, урачы і медсёстры бадзёра абмяркоўваюць справы на калідорах.

На другім паверсе прыёму ў гінеколага чакае маладая пара. З сумнай гісторыяй Юліі яны добра знаёмыя. Але ўсё адно прыйшлі. Прысаджваюся да сям’і на канапу.

“Уся гэта інфармацыя, зразумела, негатыўная. Але гэта не падстава спыняць назіранні ва ўрача, — тлумачыць цяжарная дзяўчына. — Мяне больш палохае стаянне ў чэргах, калі ты “ў становішчы”, і магчымасць падхапіць у паліклініцы нейкую інфекцыю. У мяне няма часу ісці ў паліклініку і стаяць у чарзе. А тут мне прызначаюць час, я прыходжу і хвіліна ў хвіліну іду на прыём. Хоць у маёй паліклініцы цудоўны гінеколаг, і калі б падзялялі чэргі, калі б нармальна працавалі платныя паслугі, мы б назіраліся там”.

Яшчэ адзін будучы бацька з другога паверха тлумачыць, што нават трагічная гібель Юліі Кубаравай не стала перашкодай на шляху ў медцэнтр. Грошы за паслугі гінеколага ўжо заплачаны, а сэрвіс непараўнальны з раённай паліклінікай.

“Трэба праходзіць шмат аналізаў, і ў паліклініцы адразу ўсіх дактароў не пройдзеш. Патрэбна сыходзіць з працы на цэлы дзень, і тое адным днём не абыдзецца, вельмі нязручна. А тут прыходзіш і адразу здаеш усе аналізы, праходзіш усіх дактароў”.

Падымаюся на трэці паверх паліклінікі, дзе ў тым ліку прымаюць хірургі. Тут назіралася і Юлія Кубарава.

“Была тут у хірурга, рабіла УГТ, цяпер прыйшла да эндакрынолага. Мне падабаецца”, — распавядае жанчына сярэдняга веку.

Еўрарадыё: Вы чулі пра тое, што тут здарылася?

Пацыентка: “Гэта мяне трошкі напалохала, 50 на 50. А звяртацца ўсё адно трэба. Тут няма чаргі, больш ветлівы медперсанал, розніца адчувальная. А ўрачы тыя ж, што і ў дзяржклініках. Інцыдэнтаў у прыватных цэнтрах ніколі не мела, а ў паліклініках са мной такое здаралася: дыягназ ставілі няправільны, пераблытвалі аналізы. Аднаго знаёмага, сказалі, забірайце дадому пасля аперацыі (справа была ў 2005-м годзе) і таксама здарылася трагедыя”.

“Людзі да нас хадзіць не перасталі, а мне далі загад ніякіх журналістаў не пускаць”, — падымаецца па мяне ахоўнік Расціслаў Мікалаевіч. Сек’юрыці выклікала адміністратар, якую я папрасіў завесці мяне да кіраўніцтва. — Зараз тут працуе Следчы камітэт, быць тут нельга”.

Прыкладна гэтак жа, нібыта ветліва, з клінікі выстаўлялі бацькоў Юліі Кубаравай, калі ў дачкі пасля аперацыі здарыўся ацёк мозга. Рэанімацыю своечасова не выклікалі, а адключэнне апарата вентыляцыі лёгкіх нават не зафіксавалі ў дакументах.

Тым часам стала вядома пра яшчэ адзін трагічны выпадак, які здарыўся пасля пластычнай аперацыі. Мінчанка Вольга Сукора таксама звярнулася да хірургаў напярэдадні вяселля. Ужо сёмы месяц дзяўчына знаходзіцца ў коме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі