Рэкордная колькасць трывог і новы ўдар па Антонаўскім мосце —183-я раніца вайны

У выніку абстрэлу станцыі Чапліна у Днепрапятроўскай вобласці загінулі як мінімум 22 чалавекі / фота з сацсетак
У выніку абстрэлу станцыі Чапліна у Днепрапятроўскай вобласці загінулі як мінімум 22 чалавекі / фота з сацсетак

У Дзень незалежнасці Украіны, 24 жніўня, у краіне аб'яўлялі 189 паветраных трывог. Гэта абсалютны рэкорд з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання, піша "Громадське". Больш за ўсё трывог было ва ўсходніх і цэнтральных абласцях Украіны: па 12 у Палтаўскай і Кіраваградскай, па 11 у Днепрапятроўскай і Запарожскай, а таксама па 10 у Харкаўскай і Чаркаскай абласцях. Паводле звестак валанцёраў, папярэдні рэкорд (109 паветраных трывог) фіксавалі 23 красавіка, напярэдадні Вялікадня.

Пры гэтым самым маштабным стаў ўдар па чыгуначнай станцыі Чапліна у Днепрапятроўскай вобласці. У выніку абстрэлу загарэліся чатыры пасажырскія вагоны. Прынамсі 22 чалавекі загінулі, з іх 5 — згарэлі ў машыне. Дзясяткі параненых.

Гэтая ноч у Днепрапятроўскай вобласці таксама была "звышскладнай", піша кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Пад абстрэламі былі чатыры раёны.

"Па Сінельнікаўскім раёне пасля паўночы вораг ударыў у чацвёрты раз за суткі. У Вялікаміхайлаўцы разбураныя некалькі дамоў. Восем пацярпелых. Сярод іх трое дзяцей. Самай маленькай дзяўчынцы ўсяго 2 года! Усе ў бальніцы", — распавядае Разнічэнка.

Пра ўчорашнюю трагедыю на станцыі Чапліна казаў у сваім традыцыйным звароце і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. "Чапліна — наш боль сёння", — адзначыў ён. Зяленскі распавёў, што сярод загінулых быў падлетак, "яму было 11 гадоў, расійская ракета разбурыла ягоны дом".

Некалькі выбухаў мінулай ноччу прагрымелі і ў Кіеўскай вобласці — на тэрыторыі Вышгарадскага раёна. Пра гэта распавёў кіраўнік Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксей Кулеба. "Громадське" нагадвае, што паведамленні аб выбухах у вобласці з'явіліся каля 2:40. Тым часам, па дадзеных маніторынгавай групы "Беларускі Гаюн", у перыяд з 2:35 да 2:40 з тэрыторыі Беларусі было выпушчана ад 4 да 6 ракет. Кропка запускаў была размешчана паміж Гомельскім і Рэчыцкім раёнамі. Гукі выбухаў гэтай ноччу чулі таксама ў Крывым Рогу, Мікалаеве і Харкаве.

А ў Херсоне, акупаваным расійскімі войскамі, пад раніцу таксама прагрымелі выбухі — у раёне Антонаўскага моста. Пра гэта паведамляе "Суспільне". Потым там пачаўся пажар.

Расіяне спрабуюць наступаць на Славянскім, Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках. Украінскія вайскоўцы стрымліваюць націск, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Так, "на Славянскім кірунку пад удар ствольнай і рэактыўнай артылерыі патрапілі раёны населеных пунктаў Вялікая Камышэваха, Новая Дзмітраўка і Бражкоўка. Вораг ажыццяўляў штурмы ў напрамку Пасека-Даліна, поспеху не меў, адступіў". У накірунку Бахмута расіяне "беспаспяхова паспрабавалі весці наступ у напрамку Траўнёва-Кадэма".

Паводле ацэнкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, 24 жніўня расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на паўднёвы захад і паўднёвы ўсход ад Ізюма, на паўночны ўсход і поўдзень ад Бахмута, а таксама на захад і паўднёвы захад ад Данецка. Акрамя таго яны ажыццявілі абмежаваны наземны наступ на паўночным захадзе Херсонскай вобласці. УСУ са свайго боку працягвалі наносіць ўдары па расійскіх ваенных аб'ектаў і наземных лініях сувязі ў Херсонскай і Запарожскай абласцях.

Рекордное число тревог и новый удар по Антоновскому мосту — 183-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці 24 жніўня 2022 года / understandingwar.org

Чакаецца, што сёння прэзідэнт ЗША Джо Байдэн правядзе тэлефонную размову з Уладзімірам Зяленскім. Размова пойдзе аб пастаўках Украіне амерыканскага ўзбраення. Аб гэтым піша CNN са спасылкай на каардынатара па камунікацыях Савета нацыянальнай бяспекі ЗША Джона Кірбі.

"Прэзідэнт з нецярпеннем чакае гэтага", — цытуе медыя Кірбі. Чыноўнік таксама адзначыў, што ў Байдэна пакуль няма планаў наведаць Кіеў, але "калі паездка мае сэнс", яна будзе разгледжаная.

Нагадаем, з нагоды Дня Незалежнасці Украіны, ЗША абвясцілі аб прадастаўленні Кіеву зброі яшчэ на 3 мільярды даляраў. Гэта самы вялікі разавы транш, які амерыканцы выдзелілі на падтрымку абароны ўкраінцаў.

У ЗША таксама адрэагавалі на паведамленне аб магчымым "трыбунале" над украінскімі палоннымі ў Марыупалі. У Вашынгтоне назвалі гэта "здзекам над правасуддзем"  і заклікалі Маскву выконваць міжнароднае права. Такую заяву зрабіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс.

З ягоных слоў, такімі "трыбуналамі" Крэмль спрабуе зняць з сябе адказнасць за агрэсіўную вайну і адцягнуць увагу ад довадаў тых зверстваў, якія расійскія войскі зладзілі ва Украіне.

"Запланаваныя паказальныя працэсы з'яўляюцца нелегітымнымі і здзекам над правасуддзем, і мы іх рашуча асуджаем", — гаворыцца ў заяве Прайса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі