Рэдактар румынскай газеты “Prosport” Дорын Кёцэ:

“Неверагодна, каб вашыя абаронцы былі такімі слабымі”, — адказаў Еўрарадыё рэдактар галоўнай румынскай спартовай газеты. — Чаму вы ўпэўнены, што ў суботняй гульні “не ўсё чыста”? Вы бачылі гэты футбол на свае вочы?

— Думка наконт подкупу з’явілася таму, што беларуская каманда гуляла вельмі дрэнна супраць балгараў. Тут, у Бухарэсце, яны вельмі добра згулялі з Румыніяй. Але супраць Балгарыі не рабілі нічога цікавага. Матч ішоў у жывым эфіры па другім канале румынскага тэлебачання, я яго сам бачыў. І мая ўласная думка: неверагодна, наколькі абаронцы і паўабаронцы Беларусі былі слабымі.

Беларуская каманда вельмі добрая. Васіль Хамутоўскі лічыцца тут вельмі добрым гульцом. Таксама ў нас добрая думка пра Аляксандра Глеба і яго брата. І таму мы не чакалі такой гульні супраць Балгарыі. Гэты матч вельмі дзіўны. Я бачыў, як добрыя гульцы гулялі вельмі дрэнна. Можа, яны аслеплі, можа, у іх быў вельмі дрэнны дзень. Я не магу сцвярджаць. Я магу толькі ставіць пытанні. Дарэчы, нават балгарскае спартовае агенцтва распаўсюдзіла версію пра подкуп.

— Але ці ёсць у вас нейкія доказы подкупу?

— Я не думаю, што хтосьці з футбалістаў ці трэнераў мог рызыкаваць, удзельнічаючы ў подкупе. Ведаеце, футбол ва ўсходнееўрапейскіх краінах поўны спекуляцыяў. У Румыніі таксама. Мы падазраем у гэтым шмат матчаў у румынскіх чэмпіянатах. Я не вельмі добра ведаю беларускіх кіраўнікоў, трэнераў. Але калі б такая з’ява і існавала ў Беларусі, ніхто б не рызыкаваў з доказамі. Асабіста я не маю доказаў подкупу.

Адзіны доказ — гэта матч. Такі інтрыгоўны матч. Давайце назавём яго інтрыгоўным. Я не думаю, што Балгарыя раптам стала такой моцнай за некалькі месяцаў. У іх ёсць некалькі добрых гульцоў. Але, на маю думку, яны не такія моцныя, каб гуляць з Беларуссю такім чынам.

Мы ж ведаем, што мэта вашай зборнай — выйсці ў фінал чэмпіянату Еўропы 2012 года. Я думаю, што ў Беларусі і ў Балгарыі няма столькі грошай, каб заплаціць за такія спекуляцыі. Але я думаю, што беларусы будуць вельмі зацікаўленыя ў гульні з Румыніяй 8 верасня. Думаю, што Румынія выйграе ў Беларусі, але не так проста.

— Вы ведаеце, што Беларуская федэрацыя футболу збіраецца падаваць на вас у суд за паклёп?
— Хтосьці з Беларускай федэрацыі футболу тэлефанаваў мне ўчора і пытаўся маю думку. Беларуская футбольная федэрацыя можа падаваць на нас у суд, можа рабіць, што хоча. Мы, журналісты, не баімся, бо мы сутыкаліся з такімі сітуацыямі шмат разоў у сваёй кар’еры. Мы не абвінавачваем беларускую федэрацыю. Мы проста надрукавалі думку, якую выказала балгарская прэса. Мы бачылі матч. І мы не дурні, як беларускія кіраўнікі могуць думаць.

Дарэчы, невядома, што горш: калі беларусы прадалі гульню, ці калі гэта яны так гуляюць...

Гутарыла Віталіна Грахоўская

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі