Рэчыцкія прадпрымальнікі перамаглі гомельскіх чыноўнікаў

Рэчыцкія прадпрымальнікі дабіліся перамогі над "вертыкаллю", збіўшы рост арэнднай платы фактычна да нуля.  Нагадаем, гомельская "вертыкаль" планавала павялічыць стаўкі адзінага падатку на асобныя групы тавараў на 20-30%, у выніку павысіла толькі на 3-4%. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцва” Віктар Гарбачоў.

Павысіўшы стаўку адзінага падатку на гандаль абуткам да 60 еўра (з 40 еўра), і гэтак — па астатніх пазіцыях, гомельская "вертыкаль" вымусіла рэчыцкіх прадпрымальнікаў выйсці на вуліцу з пратэстам. Менавіта прадпрымальнікі Рэчыцы запатрабавалі ад кіраўніцтва вобласці знізіць стаўкі падатку, што і зрабіў Гомельскі абласны Савет — прыняў рашэнне панізіць дадатковыя стаўкі ў сярэднім па групах тавараў на 15,5%.

"Камусьці гэта можа падацца нязначнай падзеяй. Але маленькі пераможны крок заўжды прыводзіць да вялікай перамогі. Трэба толькі навучыцца адстойваць свае правы калектыўна, а не кожны сам паасобку. І гэтым маленькім калектывам з’явілася структура “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” ў Рэчыцы", — падсумаваў у інтэрв'ю Еўрарадыё Віктар Гарбачоў.