"Развалілі паўбудынка" — у Мікалаеве абстралялі мясцовую адміністрацыю

Будынак абласной і гарадской адміністрацыі Мікалаева пасля абстрэлу / facebook.com/MNS.GOV.UA
Будынак абласной і гарадской адміністрацыі Мікалаева пасля абстрэлу / facebook.com/MNS.GOV.UA

У Мікалаеве снарад трапіў у будынак абласной адміністрацыі. Ён сур'ёзна пашкоджаны, пра гэта паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай АДА Віталь Кім.

"Развалілі паўбудынка, у кабінет трапілі да мяне, сволачы...", — заявіў ён.

Большасць паспела пакінуць будынак. Пад заваламі, паводле дадзеных Кіма, застаецца восем чалавек грамадзянскіх. Зніклі і трое вайскоўцаў. Іх шукаюць.

"Пакуль мінімальныя страты, пакуль шукаем", — кажа Кім. Ён мяркуе, што такая атака на Мікалаеў азначае, што рускія войскі перадумалі наступаць на горад. Таму што, калі "ты збіраешся нешта захопліваць, табе патрэбны пункт кіравання вобласцю, куды падведзеныя ўсе камунікацыі, сеткі, сувязь".  На думку Кіма, праціўнік пераканаўся, што захапіць горад у яго не атрымаецца, і вырашыў "нам усім перадаць прывітанне".

"Перадалі, дзякуй, высновы зрабілі, будзем адпаведна рэагаваць", — дадаў кіраўнік Мікалаеўскай адміністрацыі.

Пазней стала вядома, што знайшлі целы сямі загінулых, больш за два дзясяткі чалавек пацярпелі, 18 чалавек выратавалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі