Размеркаваны студэнт: “Заробак 120 долараў і без гарачай вады”

Еўрарадыё даведалася, як жывецца маладым спецыялістам, якіх пасля вучобы накіравалі ў вёску.

Студэнты, якія трапяць па размеркаванні ў глыбінку, рызыкуюць два гады пражыць у галоце. 

Еўрарадыё паразмаўляла з былым маладым спецыялістам Яўгенам Ляхаўцом, жыхаром Жлобіна. Ягоны тэрмін размеркавання на вёсцы скончыўся два месяцы таму. Зараз Яўген працуе на будаўніцтве пяцізоркавага гатэля ў Сочы, зарабляе 800 долараў у месяц. Мы датэлефанаваліся Яўгену акурат у той момант, калі ён працаваў з перфаратарам. Будаўнік спыніў працу і распавёў нам, дзе навучаўся і што з гэтага выйшла:

Яўген Ляхавец: ”Буда-Кашалёўскі дзяржаўны каледж, тэхнік-электрык. Паехаў у вёску Чыркавічы Светлагорскага раёну. Працаваў па размеркаванні інжынерам-электрыкам у камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве. Гарачай вады там не было ў хаце. Пражыў так два гады, размеркаванне скончылася ў жніўні гэтага года. Сярэдні заробак быў 120 долараў. Вось так прыходзілася жыць. Былі і рызыкоўныя моманты працы, аднойчы ледзь не ўпаў у бочак з г..ом. З добрых успамінаў толькі пагулянкі па вёсцы”.

Заробак у 120 долараў не вялікі. Хоць на яго можна купіць 125 бутэлек добрага мінскага піва ці 34 бутэлькі нашага шампанскага. А для таго, каб атрымаць ключы ад двухпакаёвай кватэры ў Мінску, адпрацаваць на такім заробку давядзецца 69,5 гадоў.

Дарэчы, студэнты са сталіцы таксама не грэбуюць размеркаваннем у глыбінку. Начальнік аддзела эканомікі Хойніцкага райвыканкаму Людміла Лагвіненка расказала Еўрарадыё пра маладых спецыялістаў, якіх па размеркаванні пастаўляе сталіца.  

Людміла Лагвіненка: ”Вы ведаеце, ёсць у нас зараз ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі чалавек, які скончыў мінскі універсітэт і працуе ў нас інжынерам па ахове працы. Ён праходзіць як галоўны спецыяліст, тысячаў пад шэсцьсот дакладна зарабляе. Наколькі я ведаю, і гэта дакладная інфармацыя, нашым настаўнікам, калі яны прыязджаюць з іншага раёну, таксама даюць жыллё”.

Але некаторых маладых спецыялістаў не завабіш ні жыллём, ні заробкам у шэсцьсот тысячаў. Саліст беларускага рок-гурта “Рахіс” Дзяніс Філіпенка чатыры гады таму ўцёк ад размеркавання ў… войска. Так пасля педуніверсітэта ён і не стаў настаўнікам. Затое сёння зарабляе у разы больш за сваіх былых аднакурснікаў.   

Дзяніс Філіпенка: “Мяне ў свой час размеркавалі ў Лідскі раён на чатыры вёскі. Я ім сказаў: “Шчасліва, поспехаў!” Вярнуўся ў Мінск і пайшоў на рынак. Усё, чакаў войска. Трапіў у ахову Міністэрства абароны на адзін год. Адслужыў і забыўся. Зараз працую ў сферы будаўнічых матэрыялаў. У Беларусі так можна зарабляць ад тысячы долараў да пяці спакойна”.


Столькі грошай маладому спецыялісту ў дзяржструктуры не зарабіць. У тым жа Хойніцкім райвыканкаме Еўрарадыё паведамілі, што малады настаўнік у горадзе мае ў месяц каля 350 тысячаў рублёў. У вёсцы — каля 400 тысячаў. Вясковы выкладчык музычнай школы атрымоўвае да 440 тысячаў рублёў. Да таго ж пры падпісанні кантракту на два гады маладому настаўніку выдаюць пад’ёмныя – 1 мільён 400 рублёў.  

Але і з такой “заманухай” лёс маладога настаўніка зайздросным не назавеш. Таму ў студэнтаў, якія рызыкуюць трапіць пад размеркаванне ў наступным годзе, ёсць яшчэ час уладзіць гэта пытанне. Найлепш знайсці добрую працу, куды ёсць шанец размеркавацца. А калі не атрымаецца – будзьце гатовыя да таго, што можна пакласці зубы на паліцу.

Фота Волі Кузьміч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі