Разгляд справы аб штурме віленскай тэлевежы прыпынены: адвакату стала блага

Разгляд справы аб штурме віленскай тэлевежы прыпынены: адвакату стала блага

Сёння, 27 студзеня, Віленскі акруговы суд пачаў і прыпыніў разгляд адной з найбуйнейшых справаў у гісторыі незалежнай Літвы. Перапынак быў абвешчаны, бо аднаму з адвакатаў стала блага. Была выкліканая хуткая дапамога.

Пацярпелых у гэтай справе — амаль 500, сведак — каля тысячы. Справа складаецца з 709 тамоў, адзін толькі акт абвінавачання заняў 13 тамоў. Абвінавачаных будуць абараняць больш за 60 адвакатаў.

65 асобаў абвінавачваюць у забароненым міжнародным правам абыходжанні з людзьмі, забойствах, нанясенні калецтваў, катаваннях, парушэнні цэласнасці маёмасці асобаў, прымяненні забароненага ваеннага штурму, выкарыстання забароненых ваенных мер, паведамляе літоўскі партал DELFI.

Сярод абвінавачаных ёсць 5 грамадзянаў Беларусі: Ромас Юхнявічус, Аляксандр Цяпота, Уладзімір Усхопчык, Віктар Раманчэўскі і Алег Маркоўскі. Усе яны знаходзяцца па-за тэрыторыяй Літвы.

Усіх падазраваных, за выключэннем грамадзян Расіі Генадзя Іванова і Юрыя Меля, хутчэй за ўсё будуць судзіць без іх прысутнасці.

Падчас трагічных падзеяў 1991 года загінулі 13 мірных жыхароў Літвы і адзін савецкі спецназавец. Агулам пацярпела больш за тысячу чалавек. Той ноччу ўзброеныя салдаты і бронетэхніка савецкай арміі занялі тэлевежу і будынак радыё і тэлебачання Вільні, якія абараняў шматтысячны натоўп мірных жыхароў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі