"Разбітае сэрца пацана" будзе раздаваць салодкую вату і дамашнія тапачкі

22-га сакавіка ў клубе "Рэактар" адбудзецца прэзентацыя новага альбома гурта "Разбітае сэрца пацана" "Не налівай!" Па словах гітарыста ды вакаліста гурта Дзяніса, новы дыск атрымаўся крыху больш сур'ёзным, таму і на прэзентацыі музыкі будуць прытрымлівацца гэтай стылістыкі.

Дзяніс: "Гэта будзе канцэрт у стылі брутальнага гатычнага грайндкора з прымочанымі гітарамі і жывымі барабанамі, на якіх усталяваныя пластыкі Remo. А таксама будзе некалькі прэм'ер песень. Паспрабуем на знос, на выжыванне: пачнём з самага новага, а потым старыя ўлюбёныя песні... зноў жа ўлюбёныя для нас, можа, публіка іх ненавідзіць. А таму мы іх з падвойным задавальненнем выканаем, каб насаліць".

Дзяніс жартаўліва дадаў, што лепшыя песні музыкі выбіраюць самі, бо не маюць даверу да сваіх прыхільнікаў. Маўляў, калі ім падабаюцца гэтыя песні, то ў іх няма музычнага густу. Па словах другога вакаліста гурта, Паўла, апроч песень з новага альбома, будзе прэзентаваная і зусім новая кампазіцыя, якую музыкі напісалі за мяжой і пакуль нідзе не выконвалі.

Павел: "Будзе адна дзіўная рэч – прэм'ера новай песні! Яна не з альбома, яна проста нідзе раней не гучала. Песня была прыдумана ў штатах, і выканаем мы яе ў якасці падарунка беларускім слухачам, загладжвання віны за тое, што мы так доўга нідзе не гралі і не паказваліся. Яшчэ з сюрпрызаў: на ўваходзе будзе раздавацца салодкая вата, а на выхадзе будуць раздавацца дамашнія тапачкі".

Адзначым, што да працы над альбома "Не налівай!" быў запрошаны легендарны гукарэжысёр-перфекцыяніст Андрэй Жукаў. А ў запісе бралі ўдзел музыкі алка-бугі-бэнду "Rockerjocker" Макс Сіры і Міхей Насарогаў. Праўда, на прэзентацыі на сцэну яны не выйдуць, хоць і будуць запрошаныя як госці.

Дзяніс: "Яны выконвалі партыі, якія выконваюць лепш за ўсё – гэта ігра на варгане і няўпэўненае рыканне Міхея Насарогава. Але на сцэне іх не будзе, калі толькі яны прыйдуць у якасці прыхільнікаў. Справа ў тым, што я доўга рэпетаваў. Усе думаюць, што я граў спектаклі, дык вось не! Я адасобіўся і рэпетаваў. І зараз у мяне атрымліваецца нядрэнны рык, не горш чым у Насарогава".

Музыкі дадалі, што для канцэрта яны падрыхтавалі некалькі старых песень разам з вакалісткай гурта "Гаротніца", а вось да працы над новымі трэкамі жанчыну было вырашана не дапускаць.

Павел: "Хутчэй за ўсё, будзе вакалістка гурта "Гаротніца" Лера Валадзько, яна будзе спяваць з намі песні з першага альбома, відавочна. На новым альбоме, на жаль, яна ў запісе не ўдзельнічала, бо мы палічылі, што ён такі мужчынскі – "Не налівай!" – і жаночыя бэкі там будуць не да месца. Але, магчыма, мы запросім Леру на трэці альбом, калі ён, натуральна, будзе".

Па словах удзельнікаў "Разбітага сэрца пацана" увесь час, пакуль гурта не было ў Беларусі, танцавальны дуэт "ЭВМ", які пастаянна суправаджае выступы калектыву, таксама не сядзеў без працы. Яны давалі майстар класы для замежных танцавальных калектываў і прыдумлялі новыя "па", таму разам з прэзентацыяй альбома "Не налівай!" вырашана прэзентаваць і новыя прыгожыя танцавальныя рухі.

Што ж датычыцца самога дыска, то музыкі не адмаўляюць магчымасці, што праз пэўны час яго можна будзе скачаць на старонках гурта ў інтэрнэце. А вось на фізічных носьбітах ён з'явіцца непасрэдна ў дзень прэзентацыі.

Павел: "Ён з'явіцца 22-га сакавіка, так што купляйце яго, шукайце ў крамах "Еўрасець", гіпермаркетах і на запраўках".

Дарэчы тым, хто набудзе квіток на прэзентацыю альбома за столікам, музыкі абяцаюць дыск у падарунак, такі квіток каштуе 35 тысяч рублёў. Пачатак канцэрта а 19-й гадзіне.

Квіткі:
20 000 - папярэдне
25 000 - астатнія, танцпол
35 000 – месца за столікам + CD у падарунак

Кропкі продажу:

клуб Рэактар, пераходы Я.Коласа, Кастрычніцкая, Гум, ГЦ Купалаўскі, 19 кропка, ГЦ Рыга, 18 кропка і інш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі