Разалін Экпа-Ума: Маму трымалі ў закінутай вёсцы

Як стала вядома “Еўрапейскаму радыё”, вечарам 16 траўня нігерыйскія баевікі вызвалілі з палону грамадзянку Беларусі Ірыну Экпа-Ума. У закладніках маці чатырох дзяцей знаходзілася 11 дзён. Аб сваім вызваленні жанчына паведаміла телефанаваннем брату Алегу Гівоіну позна ўначы.
Алег Гівоін: “Сёння ўначы быў званок ад яе. Усё вельмі хутка, усё на радасцях, усё нармальна ў яе. Адно, што яна параненая. Яе шпіталізавалі. Падрабязнасцей вызвалення ніякіх не расзказвала, адзінае – скардзілася, што костка задзетая і нага баліць”.

Як раней паведамляла “Еўрарадыё”, Ірыну Экпа-Ума баевікі захапілі вечарам 5 траўня. Здарэнне адбылося ў нігерыйскім горадзе Порт-Харкорт. Па словах Алега Гівоіна, гэта была выпадковая паездка ў той небяспечны раён.

Алег Гівоін: “Там два розныя гарады. Гэта была выпадковая паездка ў Порт-Харкорт, з якім яна ўжо развіталася. Яна ўжо атрымала добры дом у Лагосе, дзе з бандытызмам вядзецца сур’ёзная барацьба. Выкраданні людзей здараюцца менавіта ў Порт-Харкорце”.

6 траўня факт знаходжання жанчыны ў закладніках афіцыйна пацвердзіла Міністэрства замежных спраў нашай краіны. 7 траўня стала вядома, што да пошукаў Ірыны далучылася беларускае прадстаўніцтва Інтэрполу. У той жа дзень дарадца амбасады Расіі ў Нігерыі Віктар Ганчароў паведаміў пра тое, што выкрадальнікі запатрабавалі за вызваленне грамадзянкі Беларусі 1,2 мільёна долараў. 10 траўня Алег Гівоін прапанаваў стаць закладнікам замест Ірыны.

Алег Гівоін: “Чацвёра дзяцей ёсць чацвёра дзяцей. Маці ж у іх павінна быць. Я чакаў, калі мне скажуць выехаць. Я прапанаваў такія ўмовы замены. Мне адказалі, што калі будзе телефанаванне ад выкрадальнікаў, ім прапануюць гэты варыянт”.

17 траўня карэспандэнт Еўрарадыё звязаўся з кампаніяй Compass Group , дзе працуе Ірына Экпа-Ума. Спадар Крыстафер Кінг, кіраўнік аддзелу па кантактах з прэсай, пацвердзіў, што Ірына Экпа-Ума зараз на свабодзе.

Крыстафер Кінг: “Урэшцэ мы дамовіліся с выкрадальнікам, Ірына зараз вольная, але перамовы ішлі вельмі складана. Да апошняга моманту мы не былі ні ў чым упэўненыя. На жаль, мы ня можам распавесці пра дэталі дамовы з бандытамі, бо мы не хацелі б нашкодзіць Ірыне. Зразумейце нас правільна. Жанчына вольная, і гэта галоўнае. Магу сказаць, што мы не выплацілі ніякіх грошай выкладальнікам”.

Пракаментаваць умовы вызвалення грамадзянкі Беларусі адмовіўся таксама і спадар Каале, следчы па справе Ірыны.

Каале: “Супрацоўнікі кампаніі Compass Group вялі перамовы з бандытамі амаль што два тыдні, і ўсе супрацоўнікі напружана чакалі вынікаў.

Мы ўсе вельмі шчаслівыя, што Ірына зараз на свабодзе, і мы хочам прапанаваць ёй вялікі працоўны адпачынак, каб яна наведала сваю сям’ю і, магчыма, пазбавілася перажыванняў пасля таго, што з ёй адбылося”.


Паводле звестак «Комсомольской правды в Беларуси», якая спасылаецца на Разалін Экпа-Ума, выкрадальнікі хавалі Ірыну ў нейкай закінутай вёсцы. Яна жыла ў хаце, да яе добра адносіліся, але кармілі кепска.

Сёння ж уначы даведалася пра вызваленне маці яе дачка Разаліна Экпа-Ума. Дзяўчына вучыцца на апошнім курсе медыцынскага універсітэта ў Мінску.

Разаліна Экпа-Ума: “Яна тэлефанавала мне сёння раніцай, і зараз яна ў шпіталі. У маці агнястрэльнае раненне вышэй калена. У дзень выкрадання маці паранілі. Зараз ёй робяць аналізы і вырашаюць, у якой краіне лепш зрабіць аперацыю.

Пра дэталі выкупу мы не размаўлялі. Маці мне нічога не казала. Яна наўпрост сказала, што з ёй усё нармальна, што яна у шпіталі і што дактары думаюць рабіць аперацыю ў Нігерыі ці ў іншай краіне.

У мяне зараз сесія, і я пакуль што не збіраюся ехаць дамоў. Напэўна, паеду да маці ўжо пасля іспытаў”.


Алег Гівоін таксама марыць сустрэцца з сястрой. Кажа, што яна збіраецца адразу пасля лячэння наведаць радзіму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі