Расійскі нафтаправод у абыход Беларусі пачнуць будаваць 10 чэрвеня

Будаўніцтва другой чаргі Балтыйскай нафтатрубаправоднай сістэмы (БТС-2) пачнецца 10 чэрвеня. Гэтую дату назвала расійская кампанія "Транснафта". Трубаправод дасць магчымасць Расіі пастаўляць нафту ў Еўропу ў абыход Беларусі і Ўкраіны. Аднак спецыялісты не выключаюць, што для новага трубаправода можа не хапіць нафты і гэта выкліча канфлікт паміж расійскімі нафтавікамі.

Газета.ру нагадвае, што нафтаправод БТС-2 працягласцю болей за 1000 кіламетраў мусіць злучыць горад Унеча на Браншчыне з горадам Усць-Луг у Ленінградскай вобласці. З порта на Балтыцы нафта будзе танкерамі адпраўляцца ў Еўропу. Пачатковая прапускная здольнасць нафтаправода ацэньваецца ў 30 млн тон у год (праз Беларусь і Ўкраіну ў Еўропу цяпер пастаўляецца 70 млн тон нафты ў год). Кошт праекта, які мусіць быць рэалізаваны да 2012 года, складзе каля 4 млрд долараў.

Расійскія аналітыкі адзначаюць, што пабудова БТС-2 аслабіць пазіцыі Беларусі і Ўкраіны як транзіцёраў, яны "страцяць адзін з рычагоў ціску на Расію".