Вы тут

Расійская паліцыя выбачылася перад жанчынай, якую сілавік ударыў нагой у жывот

Маргарыта Юдзіна пасля ўдару ў жывот ўпала на асфальт і ўдарылася галавой / Baza

Расійская паліцыя выбачылася перад жыхаркай Санкт-Пецярбурга Маргарытай Юдзінай, якую падчас разгону акцыі ў падтрымку Навальнага 23 студзеня сілавік ўдарыў нагой у жывот. Пасля ўдару жанчына ўпала на асфальт і ўдарылася галавой. Цяпер яна ў рэанімацыі ў цяжкім стане.

Паведамляецца, што ў лякарню да пацярпелай прыйшоў палкоўнік паліцыі Сяргей Музыка. Ён некалькі разоў папрасіў прабачэння ад імя ўсяго асабістага складу, паабяцаў разабрацца і пакараць вінаватых. "Гэта не нашы метады", — заявілі выданню Baza ў паліцыі.

У той жа час выданне Baza піша, што ў пацярпелай сур'ёзная траўма галавы, за ноч ёй стала горш, яна без прытомнасці. Яе крыўдзіцеля да гэтага часу не знайшлі.

Амапавец ударыў жанчыну нагой у жывот, калі яна спрабавала дапамагчы затрыманаму хлопцу. Вось як выглядаў інцыдэнт, абляцелы сацсеткі:

Напярэдадні ў Расіі прайшлі акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага і супраць кіравання Пуціна. Па краіне затрымана каля 3000 чалавек. Падчас разгонаў пратэстоўцаў дзеянні расійскіх сілавікоў вельмі нагадвалі дзеянні беларускіх — затрыманых збівалі, у журналістаў забіралі апаратуру, у многіх гарадах адсутнічаў інтэрнэт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.