Вы тут

Расійская паліцыя прыедзе ў Мінск — на Еўрагульні і чэмпіянат па хакеі

Фота: 1obl.ru

На буйныя спартовыя мерапрыемствы ў Мінск прыедуць супрацоўнікі расійскай паліцыі. Пра гэта са словаў міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча паведамляе БЕЛТА.

Адпаведнае рашэнне было прынятае падчас пасяджэння Аб'яднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы, якое прайшло сёння ў Наваполацку. "Расійскія калегі з Міністэрства ўнутраных спраў дэлегуюць нам сваіх супрацоўнікаў на час правядзення II Еўрапейскіх гульняў і чэмпіянату свету па хакеі", — заявіў Шуневіч. Ён дадаў, што падчас Еўрагульняў і хакейнага чэмпіянату плануецца задзейнічаць праваахоўнікаў і з некаторых іншых краінаў. 

Міністр унутраных спраў Расіі Уладзімір Калакольцаў выказаў падзяку беларускім калегам за дапамогу ў падрыхтоўцы і падчас правядзення чэмпіянату свету па футболе ў Расіі.