Вы тут

Расіяне выходзяць на антываенныя акцыі, ужо затрымана больш за 440 чалавек

Затрыманне ўдзельнікаў антываеннай акцыі ў Маскве​

У розных гарадах Расіі 24 лютага людзі паспрабавалі выйсці на антываенныя акцыі. Пасля таго, як Уладзімір Пуцін абвясціў аб пачатку ваеннай аперацыі, нязгодныя з гэтым абвясцілі збор на плошчах. Яны патрабуюць мірнага рашэння канфлікту ва Украіне.

Днём Следчы камітэт Расіі папярэдзіў аб адказнасці за ўдзел у няўзгодненых акцыях. І нагадаў, што за арганізацыю і ўдзел у такіх мітынгах можа пагражаць пазбаўленне волі.

У Маскве мітынг паспрабавалі сабраць на Пушкінскай плошчы. На акцыю амаль адразу разагналі, паведамляюць журналісты.

АМАП прыехаў і да "Гасцінага двара" ў Санкт-Пецярбургу, дзе паспрабавалі сабрацца расійцы, якія супраць вайны. Паводле звестак на 20 гадзін чацвярга расійскіх праваабаронцаў, за спробу паўдзельнічаць у антываенных акцыя затрыманыя больш за 440 чалавек у 39 гарадах краіны.

Акрамя таго, шэраг вядомых дзеячаў расійскай культуры падпісалі ў чацвер зварот з патрабаваннем спыніць вайну. Яны назвалі кампанію, якую пачаў Уладзімір Пуцін супраць Украіны "ганьбай"

"Гэта наша ганьба, але, на жаль, несці адказнасць за яго прыйдзецца яшчэ і нашым дзецям, пакаленнем зусім юных і не народжаных яшчэ расійцаў. Мы не хочам, каб нашы дзеці жылі ў краіне-агрэсары, каб яны не саромеліся таго, што іх армія напала на суседнюю незалежную дзяржаву. Мы заклікаем усіх грамадзян Расіі сказаць не гэтай вайне", — гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары не вераць, што Украіна ўяўляе пагрозу Расіі і не вераць "у заявы Уладзіміра Пуціна аб тым, што ўкраінскі народ знаходзіцца пад уладай "нацыстаў" і мае патрэбу ў тым, каб яго "вызвалялі".

Пад патрабаваннем спыніць вайну падпісаліся пісьменнікі Барыс Акунін, Дзмітрый Быкаў, Дзмітрый Глухоўскі, журналісты Дзмітрый Муратаў і Леанід Парфёнаў, актрыса Чулпан Хаматава і іншыя.

Затрыманні на антываеннай акцыі ў Маскве

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.