Расіяне абстралялі Адэсу, УСУ — цэнтр кіравання дронамі. 215-я раніца вайны

Вайна ва Украіне працягваецца ўжо больш за паўгода / .facebook.com/GeneralStaff.ua
Вайна ва Украіне працягваецца ўжо больш за паўгода / .facebook.com/GeneralStaff.ua

УСУ атакавалі цэнтр кіравання і падрыхтоўкі іранскіх дронаў, якія выкарыстоўваюць расійскія вайскоўцы, сцвярджае УНІАН. Цэнтр знаходзіўся ў адным з пасёлкаў Херсонскай вобласці. Ён "узляцеў на паветра", сцвярджае агенцтва.

Уначы расійскія дроны-камікадзэ атакавалі Адэсу. Адзін дрон збілі сілы супрацьпаветранай абароны. Два патрапілі ў аб'ект ваеннай інфраструктуры, распавёў спікер Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук. Мяркуючы па ўсім, яны трапілі ў склад боепрыпасаў. Па словах Братчука, "з-за маштабнага пажару і дэтанацыі арганізавана эвакуацыя грамадзянскага насельніцтва".

Гэтай ноччу расіяне абстралялі і Запарожжа. Тут таксама пашкоджаныя аб'екты інфраструктуры, былі пажары. Але пацярпелых няма. Пра гэта паведаміў кіраўнік Запарожскай ОВА Аляксандр Старух.

Пад агнём ноччу быў і Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці. "Расіяне ўсю ноч накрывалі Нікапальшчыну рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню і цяжкай артылерыяй", піша кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Па яго словах, у агульнай складанасці прыляцелі амаль 130 снарадаў. Папярэдне, людзі не пацярпелі, але, да прыкладу, у самім Нікапалі пашкоджаныя дома, машыны, трансфарматарная падстанцыя і лініі электраперадач. Абясточаныя дамы амаль 3 000 сем'яў.

Усяго ж за мінулыя суткі ад расійскіх нападаў пацярпелі больш за 40 населеных пунктаў. Аб гэтым гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Россияне обстреляли Одессу, ВСУ — центр управления дронами.  215-е утро войны
Пасля атакі дронамі-камікадзэ ў Адэсе пачаўся пажар / @Bratchuk_Sergey

У Генштабе таксама распавялі, што на працягу апошніх сутак падраздзяленні ўкраінскіх Сіл абароны адбівалі атакі праціўніка каля населеных пунктаў Спорнае, Саледар, Маёрск, Бахмут, Падгорнае, Выемка, Курдзюмаўка, Новаміхайлаўка, Зайцава і шэрагу іншых. Гэта ўсё ў Данецкай вобласці.

Са слоў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, жорсткія баі адбываюцца на многіх участках фронту, на некалькіх кірунках Украіна мае станоўчыя вынікі. Пра гэта ён казаў у сваім вячэрнім відэазвароце 25 верасня. Ён нагадаў, што даўжыня фронту складае больш за 2 тысячы кіламетраў. Пры гэтым задачы Украіны, нягледзячы на новыя ініцыятывы Крамля, не мяняюцца.

"Мы ваюем за жыццё і свабоду для ўсіх украінцаў", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт. Зяленскі зноў заклікаў грамадзян РФ не ўдзельнічаць у "злачыннай мабілізацыі".

"Мы бачым, што людзі, у прыватнасці ў Дагестане, пачалі змагацца за сваё жыццё. Мы бачым, што яны пачынаюць разумець, што гэта пытанне аб іх жыцці. [...] Змагайцеся за тое, каб не адправілі на смерць вашых дзяцей — усіх, каго могуць забраць пад гэтую расійскую злачынную мабілізацыю. Таму што, калі вы прыйдзеце забіраць жыцці нашых дзяцей, я вам скажу, як бацька, мы вас жывымі ўжо не адпусцім", — заявіў Зяленскі.

Сербія, якая займае дружалюбную да Расіі пазіцыю, не будзе прызнаваць псеўдарэферэндумаў, якія праводзіць Крэмль на акупаваных тэрыторыях Украіны. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Сербіі Нікола Селаковіч, піша сербскае выданне "Палітыка". Згодна са Статутам ААН і агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага публічнага права, Сербія не можа пагадзіцца з "вынікамі" псеўдарэферэндумаў, сказаў сербскі міністр.

Тым часам Захад прадумвае планы рэагавання на выпадак, калі Расія прыменіць ядзерную зброю супраць Украіны. Пра гэта піша Financial Times са спасылкай на пяць дасведчаных суразмоўцаў. Трое з пецярых суразмоўцаў выдання сказалі, што краіны-члены NATO непублічна ўжо данеслі Крамлю сігналы аб тым, якімі будуць маштабы адказу на любое прымяненне ядзернай зброі. На іх думку, папярэджанне аб адказе працягвае заставацца лепшым стрымліваннем. "Пуцін хутчэй будзе пагражаць прымяніць ядзерную зброю ў надзеі атрымаць саступкі, чым уласна прыменіць яе", — мяркуе Джэймс Эктон, судырэктар праграмы ядзернай палітыкі ў Фондзе Карнэгі за міжнароджны мір.

Тым часам, у Расіі застаюцца блізу 1,5 мільёна грамадзян Украіны, якія не могуць вярнуцца дадому і не маюць сувязі са сваімі роднымі. Большасць з іх гэта жанчыны і дзеці. Пра гэта на палях Генасамблеі ААН гаварыла ўкраінскі віцэ-прэм'ер па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга Стэфанішына. Паводле яе слоў, цяпер як ніколі важна выкарыстоўваць усе міжнародныя інструменты абароны правоў чалавека і падвоіць намаганні, каб не дапусціць гвалтоўнай эксплуатацыі ўкраінцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі