Вы тут

Расія забараніла імпарт беларускай ялавічыны, у Мінску кажуць: нічога страшнага

БЕЛТА

Расія забараніла імпарт беларускай ялавічыны. Як інфармуе прэс-служба Рассельгаснагляду, з 4 красавіка часова абмежаваныя пастаўкі ялавічыны на костцы і жывой буйной рагатай жывёлы з краін, якія не маюць афіцыйнага статусу Міжнароднага эпізаатычнага бюро па губкападобнай энцэфалапатыі буйной рагатай жывёлы. Наша краіна страціць ад такога рашэння Масквы сотні мільёнаў долараў. Вядома, што летась у Расію было пастаўлена каля 150 тысяч тон ялавічыны на $518 млн.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі нашай краіны спадзяюцца на аднаўленне паставак. Начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Аляксей Багданаў кажа ў каментары БЕЛТА, што "нічога страшнага ў гэтым няма". Паводле яго слоў, у Беларусі ніколі не было зафіксавана выпадкаў губкападобнай энцэфалапатыі. Каб пацвердзіць гэта, абласныя ветэрынарныя лабараторыі атрымліваюць новае абсталяванне.

Багданаў падкрэслівае, што з усяго беларускага экспарту ялавічыны каля 70% пастаўлялася на костцы. 30% можна пастаўляць і цяпер. "Для Беларусі гэта нават больш выгадна, таму што мы самі будзем апрацоўваць мяса да канечнага прадукта і экспартаваць яго ў ахалоджаным і замарожаным выглядзе, — кажа прадстаўнік міністэрства. — Будзем ствараць працоўныя месцы, павялічваць аб'ём абваленага мяса і пастаўляць яго па больш высокім кошце ў Расію". Таму, адзначае чыноўнік, зменіцца толькі структура пастаўкі. Аляксей Багданаў дапускае, што на першым этапе ў прадпрыемстваў могуць быць складанасці, каб пачаць працаваць па новай схеме. Але "асаблівай праблемы ў гэтым няма", кажа ён.