Расія не цісне на Беларусь ў справе Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

Расія не аказвае ціску на Беларусь па пытанні прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, заявіў 11 лістапада Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю газеце The Wall Street Journal. Тэлеверсію інтэрв'ю ўвечары 14 лістапада паказаў Першы канал беларускага тэлебачання.

"На нас бесперспектыўна ціснуць. Калі б на нас ціснулі, то быў бы зваротны эфект. Таму сказаць, што на нас там цісне хтосьці — гэта поўны абсурд і глупства. Расія ніколі на нас у гэтым плане не ціснула", — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.

"Канешне, для Расіі гэтае пытанне ўяўляе пэўную цікавасць. Гэта была б нейкая падтрымка Расійскай Федэрацыі. Мы сёння гэтае пытанне будзем вырашаць, зыходзячы з нашых працэдур", — сказаў А.Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэтае пытанне разгледзіць новы парламент. "Я аддаю гэтае пытанне на яго суд. Няхай парламентарыі абмяркуюць. <…> Я не хачу гэта рабіць аднаасобна", — заявіў кіраўнік дзяржавы.


А.Лукашэнка таксама нагадаў амерыканскаму журналісту, што ЗША прызналі Косава. "Чаму б не прызнаць Абхазію, — задаў рытарычнае пытанне беларускі прэзідэнт. — Думаю, вельмі многія гатовы прызнаць. Прыклад, яшчэ раз падкрэсліваю, быў ужо паказаны. Прэцэдэнт ёсць".

Прызнанне Беларуссю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, лічыць А.Лукашэнка, не паўплывае негатыўна на адносіны з Захадам. "Еўропа і Амерыка цудоўна разумеюць нашу пазіцыю і наша становішча, — патлумачыў ён. — І я скажу шчыра, яны ўжо перад намі жорстка гэтае пытанне не ставяць. Таму не думаю, што там ужо будуць нейкія адкаты ў нашых адносінах. Думаю, гэтае пытанне ўжо не такім вострым з'яўляецца, як, дапусцім, два месяцы таму".
БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі