Расія пачала аперацыю па ўплыве на выбары ў ЗША — Microsoft

Акаўнты, звязаныя з Расіяй, пачалі часцей распаўсюджваць супярэчлівы кантэнт, ілюстрацыйнае фота

Акаўнты, звязаныя з Расіяй, пачалі часцей распаўсюджваць супярэчлівы кантэнт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Расія актывізавала анлайн-кампаніі па ўплыве на будучыя прэзідэнцкія выбары ў ЗША. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на справаздачу кампаніі Microsoft. Але гэтая актыўнасць нарастае павольнешымі тэмпамі, чым гэта было на мінулых выбарах.

У справаздачы Microsoft гаворыцца, што акаўнты, звязаныя з Расіяй, апошнім часам больш актыўна распаўсюджваюць супярэчлівы кантэнт, накіраваны на амерыканскую аўдыторыю. Да прыкладу, яны крытыкуюць амерыканскую падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй. "За апошнія два месяцы распаўсюд паведамленняў пра Украіну — праз традыцыйныя СМІ і сацыяльныя сеткі — набраў абароты дзякуючы спалучэнню схаваных і адкрытых кампаній, якія ідуць ад 70 груп актыўнасці, звязаных з Расіяй", — заявілі ў Microsoft.

Яшчэ адна кампанія накіраваная на размяшчэнне дэзінфармацыі ў Інтэрнэце, гэтая дэзінфармацыя публікуецца на розных мовах. Першапачаткова яна з'яўлялася на відэасервісе. Затым кантэнт перадрукоўвалі вэб-сайты, уключаючы DC Weekly, Miami Chronical і The Intel Drop. У выніку дэзінфармацыя тыднямі падарожнічае ў інтэрнэце, аўдыторыя ў ЗША паўтарае і перадрукоўвае яе, "імаверна, не падазраючы пра першапачатковую крыніцу", адзначаюць у Microsoft. Даследчыкі таксама не бачаць празмернага выкарыстання штучнага інтэлекту ў гэтай кампаніі ўплыву. Простыя лічбавыя падробкі сустракаюцца часцей, чым глыбокія.

"Выкарыстанне дзяржавамі кантэнту з падтрымкай штучнага інтэлекту рэдка дасягала значнага ахопу ў сацыяльных сетках, і толькі ў некалькіх выпадках мы назіралі які-небудзь рэальны падман аўдыторыі з дапамогай такога кантэнту", — кажуць даследнікі. У Microsoft лічаць, што "самыя простыя маніпуляцыі, а не складанае выкарыстанне штучнага інтэлекту, хутчэй за ўсё, зробяць найбольшы ўплыў на кантэнт".

Reuters запытала каментар расійскай амбасады ў Вашынгтоне, але там не адказалі. У мінулым месяцы Крэмль казаў, што не будзе ўмешвацца ў лістападаўскія выбары ў ЗША. Раней ён таксама адпрэчваў абвінавачванні ЗША ў арганізацыі кампаній, якія мелі на мэце паўплываць на вынікі амерыканскіх прэзідэнцкіх выбараў у 2016 і 2020 гадах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі