Зубной пасты не будзе: Саўмін усталяваў новыя нормы забеспячэння ізалатараў КДБ

СІЗА на Акрэсціна / Euroradio
СІЗА на Акрэсціна / Euroradio

Саўмін усталяваў новыя нормы забеспячэння зняволеных у следчых ізалятарах органаў дзяржаўнай бяспецы ежай і сродкамі гігіены. Мы параўналі старыя і новыя нарматывы і расказваем, што змянілася.
 

Плюс 2 яйка, але рыба "з галавой"

Пачнём з сілкавання. Так, па нарматывах ад 2007 года зняволеным у дзень было патрэбна даваць 100 грам рыбы "без галавы". Зараз нарматыў скарацілі да 55 грам і дадалі рэмарку — "з галавой".

Чырвонага мяса таксама стала менш: калі раней было прапісана 100 грам мяса ў суткі, то зараз — 90. Затое дадалі 25 грам мяса птушкі, якое раней было прапісанае толькі ў нарматываз для людзей, што хварэюць. Дадалі таксама і 20 грам кілбасы на содні.

Таксама ў штодзённы рацыён дадаліся 2 яйкі, якіх у старых нормах не было зусім. Але скарацілася норма "маргарынавай прадукцыі" і "алею" — з 20 да 15 грам у суткі. Затое дазволілі даваць зняволеным не 100 мл малака ў дзень, а 125.

Нормы для цяжарных жанчын, жанчын з дзецьмі, непаўнагадовых і людзей з захворваннямі адрозніваюцца.
 

Без грабянца і зубной шчоткі

Пры гэтым службоўцы, мусібыць, вырашылі, што сродкамі гігіены змешчаныя ў СІЗА людзі былі забяспечаны лепш, чым варта. Таму ў абноўленых нарматывах зніклі шэраг пазіцый.

Так, у старых нарматывах у СІЗА было прапісана раз у паўгода выдаваць зняволенаму 1 зубную шчотку і 30 грам зубнога парашку ці зубной пасты ў месяц. Зараз гэта вымога з нарматываў знікла. Разам з зубной шчоткай знікла абавязанне выдаваць зняволеным грабянец і сродак для мыцця валасоў.

І раней гэта "раскоша" была прапісана не для кожнага зняволенага, а толькі для тых, хто не атрымвае пасылак і не мае грашовых сродкаў на асабовым рахунку. Але цяпер гэтыя пазіцыі зусім зніклі з нарматыўнага дакумента.

Са сродкаў гігіены цяпер зняволеныя могуць разлічваць толькі на туалетную паперу, гаспадарчае і туалетнае мыла, брытвавыя станкі — для мужчынаў, і сродкі гігіены — для жанчын.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі