Раман Якаўлеўскі: "Саміт — нагода ўзгадаць пра жандарскія функцыі АДКБ"

120515 JakauleuskiS.mp3

Еўрарадыё: Ці не было асноўнай падставай для сустрэчы АДКБ тое, што "новы" прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін захацеў сустрэцца са сваімі калегамі?

Раман Якаўлеўскі: Гэта так. Удакладню, што напярэдадні адбываўся яшчэ шэраг сустрэч на ўзроўні міністраў замежных спраў гэтай структуры, а таксама міністраў абароны. Але сярод міністраў абароны чамусьці адсутнічаў беларускі міністр. Гэты саміт абяцаў яшчэ былы прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў. Справа ў тым, што пачынаюцца вялікія спрэчкі ўнутры АДКБ. Нагадаю, што новы прэзідэнт Кіргізіі Алмазбек Атамбаеў нечакана абвінаваціў генеральнага сакратара АДКБ ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы яго краіны. Гэта была дзіўная заява. Таксама пачынаюцца гарачыя дыскусіі наконт пазіцыі Ташкента. Прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў з агаворкамі падпісаў дамову аб хуткім рэагаванні. То бок, ён наднацыянальных сіл ды інстытуцый АДКБ не прызнае. І яшчэ адно… Наступнай восенню ў Арменіі павінны адбыцца першыя маштабныя вучэнні АДКБ. Дык гэтыя вучэнні могуць супасці з вайной з Іранам, які мяжуе з Арменіяй. Цікава таксама, што Уладзімір Пуцін вырашыў сустрэцца ў якасці прэзідэнта з калегамі… Але ж двухбаковую сустрэчу з Лукашэнкам праводзіў не Пуцін, а Мядзведзеў – цяпер ужо прэм’ер. Гэта так выглядала, як раней Пуцін падсунуў Мядзведзева Абаму замест сябе на саміце “Вялікай васьмёркі”, а цяпер замест сябе - Лукашэнку. І гэта ўсё на фоне чутак, што нібы Пуцін збіраецца ў Мінск. 

Еўрарадыё: Можа гэта такі адказ Лукашэнку? Бо мы памятаем, што калі Мядзведзеў стаў прэзідэнтам, Лукашэнка заявіў, што цяпер сустракацца з Пуціным - не адпаведна яго статусу... Можа, гэта настолькі пакрыўдзіла Пуціна, што той вырашыў адказаць?..

Раман Якаўлеўскі: Выглядае так, але я б звярнуў увагу і на іншае. Апошнім часам узнавіліся кпіны з Лукашэнкі на расійскіх тэлевізійных каналах. Гэта ўжо стала пры прэзідэнце Пуціне.

Еўрарадыё: Наколькі магчыма, што АДКБ распадзецца з апошнімі тэндэнцыямі?

Раман Якаўлеўскі: Заявы, накшталт абвінавачванняў ад прэзідэнта Кіргізіі, уплываюць адмоўна на эфектыўнасць працы АДКБ. Такой жа прыкметай з’яўляюцца адносіны паміж Бешкекам ды Мінскам. Вядома, знаходжанне Курманбека Бакіева ў Беларусі не можа не ўплываць на працу АДКБ. Гэта кідае цень на Беларуска-Кіргізскія адносіны. 

Еўрарадыё: Лукашэнка казаў пра новы ўзровень працы АДКБ. А наколькі АДКБ можа якасна працаваць?

Раман Якаўлеўскі: Калі кажа Лукашэнка, перш за ўсё думаецца пра “жандарскія” функцыі АДКБ – гаворка не столькі пра пагрозы знешнія, колькі пра ўнутраныя. Уратаванне рэжымам уласнай улады – вось пра што ідзе гаворка, калі кажуць пра эфектыўнасць. Я б яшчэ нагадаў, што АДКБ дакляруе ахвоту супрацоўніцтва з НАТА. Пра НАТА ж казаў і Лукашэнка. Пазіцыя ж НАТА – агульнавядомая. АДКБ як партнёра НАТА не разглядае, а выступае за развіццё двухбаковых стасункаў з кожнай з краінаў АДКБ. І тут цікавае назіраецца: найвышэйшы ўзровень супрацоўніцтва ў НАТА з Расіяй, а найніжэйшы – з Мінскам. 

Еўрарадыё: Цяпер у арганізацыі няма Украіны. З Еўрасаюзам ва Украіны таксама благія стасункі. Ці не скіруецца Украіна да АДКБ?

Раман Якаўлеўскі: Украіны не можа быць у гэтай арганізацыі, бо тая мае нейтральны ды пазаблокавы статус. А АДКБ – гэта ваенна-палітычны блок.

Еўрарадыё: Расія ў АДКБ – першая скрыпка, а то і дырыжор. Якія галоўныя знешнепалітычныя выклікі для Расіі цяпер?

Раман Якаўлеўскі: Безумоўна, гэта Афганістан і магчымы вывад амерыканскіх войск адтуль. Гэта павысіць пагрозу азіяцкаму рэгіёну Расіі ды іншым азіяцкім краінам АДКБ. Што ж да Беларусі, казаць пра пагрозу з боку Захаду – выглядае не проста па-прапагандысцку, а "па-смешнапрапагандысцку". 

Еўрарадыё: Але ж у Афганістане беларускія жаўнеры таксама спатрэбяцца...

Раман Якаўлеўскі: Я нагадаю, што некаторыя краіны АДКБ таксама ўдзельнічаюць у місіі ў Афганістане. Напрыклад, Арменія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі