Радзіна: Я займаюся сваёй працай і на вуліцу са сцягам не выходжу

У тэлесюжэце на канале СТВ прагучала інфармацыя, што рэдактарцы сайту “Хартыя’97” Наталлі Радзінай ўжо выставілі абвінавачванне. Для самой журналісткі гэта стала нечаканасцю. Пра гэта Радзіна паведаміла ў інтэрф’ю Еўрарадыё.

Радзіна: "Па меншай меры, гэта выклікала ў мяне здзіўленне. Мой адвакат не ў курсе, я таксама не ведаю, выставілі мне абвінавачванні ці не. Мяне на допыты ў Мінск ніхто не выклікаў, афіцыйна ніхто канчатковае абвінавачванне не прад'яўляў. Мяне дагэтуль вінавацяць па 293-м артыкуле Крымінальнага кодэкса, па дзвюх частках (Арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках. — Еўрарадыё). Ніхто канчаткова не вылучаў нейкі канкрэтны артыкул. Магчыма, журналістам СТВ лепш відаць, і яны атрымліваюць інфармацыю з КДБ".

Журналістка мяркуе, што спраўджваць гэтыя звесткі ў следчага КДБ ці ў МУС — безвынікова. Таму яна пагаварыла толькі з адвакатам.

Радзіна кажа, што яна працягвае працаваць рэдактарам сайта "Хартыя’97". З суседзямі ў Кобрыне журналістка кантактуе мала, бо апошнія гады жыла ў Мінску:

Радзіна: " Там па СТВ паказвалі, што мяне ў Кобрыне не ведаюць. Гэта праўда, бо я спакойна жыву, займаюся сваёй працай, на вуліцу з сцягам не выходжу. Але калі яны хочуць, каб я гэта зрабіла — я магу, і тады пра мяне даведаюцца!"

Нагадаем, што сайт "Хартыя’97"абвяшчаў, што можа нават закрыцца праз фінансавыя праблемы. Радзіна адзначае, што пастараюцца працаваць у самых складаных умовах. Але дапамога ўсё ж неабходная.

Радзіна: "Бо сайт сапраўды знаходзіцца ў складаным стане, пацярпеў больш за ўсе беларускія СМІ. Хоць ударылі вельмі балюча і па Еўрарадыё, і па іншых беларускіх незалежных газетах і радыёстанцыях. У нас былі тры крымінальныя справы за мінулы год, шматлікія ператрусы, забіццё Алега Бябеніна, мой арышт і зараз пагроза 15 гадоў турмы. І нягледзячы на ўсе гэта, дапамога аказваецца недастатковая".

Як нагадвае журналістка, сёння частка рэдакцыі знаходзіцца ў Вільні. Дапамога неабходная і тым, хто працуе з-за мяжы, і самой Радзінай. Пакуль, кажа яна, дапамогі не відаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі