Вы тут

Работнікі мінскага аўтапарка скралі больш за 280 хвой, каб азеляніць тэрыторыю

Лес пад Заслаўем / Прэс-служба Мінпрыроды

Работнікі мінскага аўтапарка №5 выкапалі дрэвы ў адным з лясоў Мінскага раёна. Так яны выконвалі загад начальства азеляніць тэрыторыю. Пра гэта напісаў у сваім Telegram-канале блогер Nexta. Па яго звестках, на азеляненне грошы вылучаныя не былі, таму работнікі аўтапарка паехалі ў лес. 

У каментары парталу TUT.by супрацоўнікі Мінпрыроды пацвердзілі гэты факт і заявілі, што аўтапарк ці яго работнікі будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Здарэнне адбылося 21 кастрычніка ў адным з лясоў каля Заслаўя. Супрацоўнікі Мінпрыроды заўважылі, што ў лесе выкапаныя 282 хвоі. На месцы інцыдэнту былі два работнікі аўтапарка №5 і кіроўца. Пазней туды ж прыехаў і галоўны інжынер. Парушальнікі патлумачылі, што збіраліся азеляніць тэрыторыю свайго аўтапарка.

23 кастрычніка гэтую справу будзе разглядаць Мінская раённая інспекцыя аховы навакольнага асяроддзя. Яна вырашыць. каго прыцягваць да адказнасці: фізічную асобу, службовую або юрыдычную.

За такое правапарушэнне фізічным асобам пагражае штраф ад 5 да 50 базавых велічынь (базавая — 25,5 рубля), юрыдычным — ад 50 да 300 базавых.

Таксама парушальнікам давядзецца аплаціць штраф за шкоду, прычыненую прыродзе: паводле папярэдніх падлікаў, 2876 рублёў 40 капеек.

Дарэчы, кошт аднаго саджанца ў Мінлясгасе — усяго 4 капейкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.