Вы тут

Рабочы з МТЗ: страйкаваў з 16-га, а 19-га даведаўся — звольнілі пяць дзён таму

Андрэй Шуленка і яго заява на страйк / Еўрарадыё

Зубарэзчык з Мінскага трактарнага завода Андрэй Шуленка ў знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў Беларусі, не выйшаў на працу 16 лістапада. 18 лістапада ён напісаў заяву аб страйку. А 19 лістапада даведаўся, што звольнены за прагулы, і гэта адбылося яшчэ пяць дзён таму.

Запіс у працоўнай кніжцы датаваны 14 лістапада. Андрэй здзіўляецца: але ў той дзень ён быў на працы!

Працоўная кніжка Андрэя Шуленкі / Еўрарадыё

— 19 лістапада да мяне прыехалі два мае майстры і адвезлі на завод. А там мне выдалі працоўную і сказалі: "Да пабачэння". 

Я быў у другога чалавека на заводзе. Ён сказаў: "Калі ўлада зменіцца — калі ласка".

Ад размовы ў мяне склалася дваякае пачуццё. Здалося, што ён спачувае. Але сцвярджаць не магу. 

Андрэй адпрацаваў на МТЗ 15 гадоў. Ён спрабаваў страйкаваць яшчэ ў жніўні — пачатку верасня. Але тады начальства адправіла яго на два тыдні за свой кошт.

— Патрабаванні ў мяне як у ўсіх — новыя выбары. І яшчэ каб кветкі нагамі не тапталі, — успамінае Андрэй разгон "Маршу смелых" 15 лістапада.

Па яго словах, страйкавага руху на МТЗ амаль не бачна.

— Ёсць яшчэ мінімум два чалавекі, якія гатовыя страйкаваць, ходзяць са стужкамі на руках. Але ў асноўным — не. Ціхенька ў курылачках нешта кажуць, спачуваюць, але не больш. Пакуль ім не перастануць плаціць, яны будуць працаваць. Прычым за капейкі.

Звольненых за забастоўкі ў апошні час таксама практычна няма: тры-чатыры чалавекі.

— Вельмі крыўдна, што рабочыя не выходзяць. Я шмат з кім гаварыў. Яны адказваюць: "А што з намі будзе? А заробак?"

Меркаванні ў сям'і Андрэя з нагоды таго, што здарылася, падзяліліся. Частка падтрымлівае яго рашэнне. Іншая мяркуе, што трэба было працаваць як ёсць.

— Літаральна ўчора я адправіў паведамленне ў BY_Help, што звальняюся. Мне прыйшло 150 рублёў на рахунак. 

З'язджаць з краіны дакладна не хацелася б. Я хачу жыць тут, я люблю Беларусь, — заключае Андрэй.

Так протестовали учителя и работники МТЗ 14 августа / Еврорадио

Пасля таго, як Святлана Ціханоўская абвясціла агульнанацыянальны страйк, пратэсты на прадпрыемствах атрымалі другое дыханне. Аднак яны не сталі масавымі. Да страйку далучаецца каля 10 рабочых у дзень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.