Вы тут

П'яны кіроўца BMW у Баранавічах спрабаваў уцячы ад ДАІ і ўрэзаўся ў светлафор

Пагоня з ДАІ ў Баранавічах / t.me/pressmvd

У ноч з серады на чацвер (11 верасня) 22-гадовы п'яны кіроўца BMW ў Баранавічах зладзіў пагоню з экіпажам ДАІ. Спроба ўцячы скончылася тым, што аўтамабіль урэзаўся ў светлафор. Як паведамляе телеграм-канал прэс-сакратара МУС Беларусі Вольгі Чамаданавай, паведамленне аб парушальніку паступіла ў дзяжурную часць Баранавіцкага ГАУС каля 23:30.

Сведка, які звярнуўся ў часць, удакладніў марку і рэгістрацыйны знак аўтамабіля. Інспектары ДАІ заўважылі яго на вуліцы Прытыцкага. Пераслед здзяйсняўся пад сігналы гучнагаворачай прылады, але патрабаванні даішнікаў кіроўца BMW як быццам ігнараваў. Ён толькі паскорыўся. Праўда, паварочваючы налева, мужчына не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў апору светлафора. Кіроўца спрабаваў уцячы з месца здарэння, але яго дагнала міліцыя.

Як высветлілася пазней, BMW кіраваў мясцовы жыхар 1997 нараджэння. Ён патлумачыў, што дома выпіў з сябрам 300 грам гарэлкі, пасля чаго яны адправіліся ў краму за дадаткам. У люстэрку задняга віду кіроўца заўважыў машыну ДАІ з уключанымі пробліскавымі маячкамі, спалохаўся і вырашыў не спыняцца.

Медыцынскі агляд пацвердзіў, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Канцэнтрацыя алкаголю ў выдыханым паветры склала 1,2 праміле.

У дачыненні да кіроўцы складзены адміністрацыйныя пратаколы, аўтамабіль змешчаны на штрафстаянцы.