Пунтус: зборную падкупіць не маглі, бо я сам гэтым ніколі не займаўся

Днямі румынскія СМІ паведамілі, што футбольная зборная Балгарыі, магчыма, здабыла ў Мінску перамогу неспартовымі метадамі. Гэта ўжо не першае абвінавачанне нашай каманды ў “продажы” матчаў. Нагадаем, дружына Юрыя Пунтуса ў суботнім матчы на мінскім стадыёне «Дынама» згуляла вельмі слаба і саступіла балгарам з лікам 0:2.
Публікацыя ў румынскай газеце «ProSport» мае назву «Поспех па блаце». Выданне адзначае незвычайна нізкія каэфіцыенты, якія прымалі балгарскія букмекеры на перамогу сваёй нацыянальнай каманды. У той час, калі ў іншых краінах яны былі большымі. Згадваецца і вядомы бізнэсовец Міхаіл Чарны, які, нібыта, паўплываў на вынік мінскага матча. Гэтую публікацыю перадрукавалі ўплывовыя балгарскія СМІ.

Каманды Румыніі і Балгарыі маюць прыблізна роўныя шанцы, каб патрапіць на чэмпіянат Еўропы. Яны змагаюцца за другое месца ў групе, бо першае “забраніравалі” галандцы. Таму румыны, безумоўна, зацікаўленыя ў поспеху беларусаў і няўдачы балгараў.

Галоўны рэдактар газеты «Прессбол» Уладзімір Беражкоў амаль упэўнены, што матч быў дамоўленым. Паводле яго словаў, за гэта гавораць і сітуацыя на полі, і тая лёгкасць, з якой балгары забілі галы:

“Гэта вельмі сур’ёзная інфармацыя. У гэта пачынаеш верыць, калі аналізуеш падзеі на полі. Як лёгка Бербатаў заставаўся адзін на адзін з галкіперам, нават калі той стаяў. Да таго ж, як лёгка перад ім расступаліся нашыя футбалісты, калі ён абыгрываў 4-х!”

Па словах спадара Беражкова, нашая зборная не ўпершыню “злівае” матчы. Газета «Прессбол» нагадвае пра скандал з матчамі Беларусь—Чэхія і Малдова—Беларусь, якія адбыліся ў верасні 2003 года. Іх гэтае спартовае выданне назвала дамоўленымі. У абодвух наша каманда прайграла з «патрэбным» лікам. Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі праводзіла аператыўныя мерапрыемствы. Працягвае Уладзімір Беражкоў:

“Упершыню ў нашай краіне была распачатая крымінальная справа па артыкуле “Подкуп удзельнікаў і арганізатараў спартовага мерапрыемства”. Справа расследуецца ўжо з 2004-га году. Вінаватыя ўжо даўно высветленыя, абвінавачанне можна выстаўляць. Чаму гэта не робіцца, я асабіста не ведаю.

На мінулым тыдні я патэлефанаваў следчаму па гэтай справе. Як ён сказаў: яго не толькі звольнілі на пенсію, але распусцілі сам аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй ГУУС Мінгарвыканкама”.

Еўрарадыё датэлефанавалася да галоўнага трэнера зборнай Беларусі Юрыя Пунтуса. Ён яшчэ не ведаў пра з’яўленне публікацый у румынскіх і балгарскіх СМІ:

«Я гэта чую толькі ад вас. Колькі год я працаваў у клубным футболе, заўсёды быў упэўнены ў сваіх хлопцах. Такога проста не магло здарыцца, бо я сам гэтым ніколі не займаўся і займацца не буду! Я думаю, што так сама я выхаваў і маіх падначаленых.

На мой погляд, гэта проста псіхалагічны ход з боку румынаў на нашу каманду. Улічваючы, вядома, што ў нас яшчэ адзін матч у Балгарыі. Так, румыны проста спрабуюць такім чынам нас распаліць».

Але ўдзел галоўнага трэнера ў вырашэнні лёсу дамоўленай гульні неабавязковы. Справы могуць вырашацца і ў абыход трэнера. Такую магчымасць таксама дапускае Уладзімір Беражкоў:

“Калі гэта асноўныя гульцы: апорны паўабаронца і галкіпер ці два цэнтральныя абаронцы, — то гэта зрабіць вельмі лёгка. Да таго ж, пры наяўнасці такога форварда, як Бербатаў, — яму нават дапамагаць не трэба, яму проста трэба не перашкаджаць. А колькі момантаў Бербатаў меў у першым тайме — усе бачылі. Ён забіў адзін, а мог яшчэ чатыры…”


Фота — www.naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі