Псіхолаг — расчараваным беларусам: не сыходзьце ў сябе, а размаўляйце з іншымі

Гаварыце адно з адным / pixabay
Гаварыце адно з адным / pixabay

Ні пад якім ціскам немагчыма даведацца, што на самай справе думае чыноўнік, ці верыць ён у свае заявы або "крывіць душой", кажа прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук у эфіры Еўрарадыё.

"Ствараецца віртуальная карцінка, у якую не вераць слухачы. Простая схема "ўдзёўбвання" не працуе, не спадзявайцеся. Калі вы пачынаеце крывіць душой, гэта адчуваецца, тады падае аўтарытэтнасць. А калі падае аўтарытэтнасць, тады нават нешта, што не выклікае сумневу, пачынае выклікаць сумнеў у галаве адрасата", — папярэджвае псіхолаг.

Янчук парэкамендаваў беларусам пераконваць апанентаў, а не займацца ўнушэннем.

Ён падкрэслівае: каб пераконваць, трэба прыводзіць аргументы, ствараць пляцоўкі для абмеркавання. Толькі тады чалавек пачне вам давяраць.

— Размаўляйце адно з адным, спрабуйце пераконваць адно аднаго. Адзіны механізм выбудоўвання адносін. Не навязваць, не ўбіваць, а пераконваць.

Гэтай стратэгіяй — гаварыць, абмяркоўваць — ён рэкамендуе замяніць у тым ліку і эскапізм. У многіх, у тым ліку гледачоў і чытачоў Еўрарадыё, узнікае пытанне: чым заняцца, каб не з'ехаць з глузду ад навін?

— Абстрагавацца я б не раіў. Закапсулавацца можна, заняўшыся нейкай справай: дачай, гародзікам. Але калі вы займаецеся гэтым, вы пускаеце на самацёк тое, што адбываецца побач з вамі. Трэба выбіраць іншую стратэгію: гаварыць, абмяркоўваць.

Янчук у канцы жніўня пакінуў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Ён прызнаўся, што часам сутыкаецца з пытаннямі, маўляў, ну што, цябе яшчэ не пасадзілі?

— Я кажу: за што? Я чалавек адказны, разважны, які не выказвае экстрэмісцкіх меркаванняў, ставіць пытанні перад грамадствам. І нічога страшнага не адбываецца.

Поўную версію гутаркі з псіхолагам Уладзімірам Янчуком глядзіце ў эфіры Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі