Прыпынена дзеянне ліцэнзій трох мінскіх медыцынскіх цэнтраў

Выяўлена выкананне працаў спецыялістам не па сваёй спецыяльнасці і кваліфікацыі / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Прыпынена дзеянне ліцэнзій трох мінскіх медыцынскіх цэнтраў — "Кравіра", "Доктар Нэма" і "ПлеядаМед" (Dental Clinic). Такое рашэнне ў сераду прыняла калегія Міністэрства аховы здароўя. Яно пачне дзейнічаць з 28 лістапада.

Як піша @minzdravbelarus, прычынай згаданых санкцый стаў "шэраг фактаў", якія выявілі камісіі Мінаховы здароўя. У медцэнтры "Кравіра" выявілі "грубыя парушэнні ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў" — адсутнічала меддакументацыя, дамовы на тэхнічнае абслугоўванне медтэхнікі (як і ў іншых), выкарыстоўвалася "незарэгістраванае" абсталяванне. Таксама згадваюцца парушэнні ў правядзенні медаглядаў, у аказанні неадкладнай меддапамогі, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. У "ПлеядаМед" выявілі факт выканання віду працаў, не заяўленага ў ліцэнзіі, выкананне працаў спецыялістам не па сваёй спецыяльнасці і кваліфікацыі, ды іншае.

Мінаховы здароўя падкрэслівае, што выяўленыя парушэнні "маглі пацягнуць прычыненне шкоды дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам, жыццю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзян або стварыць пагрозу прычынення такога шкоды".

Гэта не першыя медцэнтры, якім сёлета прыпынялі дзеянне ліцэнзій. Напрыклад, "Нардзін" вымушаны быў прыпыніць працу ў канцы лета, аднавіць яе ўдалося ў пачатку кастрычніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.