Прымусіць галасаваць датэрмінова не могуць, але настойліва рэкамендуюць

Як паведаміў Еўрарадыё сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, акрэдытацыі ад выбарчых камісій розных узроўняў атрымалі звыш за 10 тысяч назіральнікаў.

Мікалай Лазавік: “На 20 красавіка акрэдытавана назіральнікаў у тэрытарыяльных выбарчых камісіях — 348, у акруговых выбарчых камісіях — 161 і ва ўчастковых выбарчых камісіях — 9888”.

У той жа час ён адзначае, што гэта не канчатковыя лічбы. Колькасць назіральнікаў, паводле прагнозаў Цэнтрвыбаркама, у асноўны дзень галасавання, 25 красавіка, падвоіцца.

Мікалай Лазавік:
“24 чысла мы чакаем, што асноўная маса прыйдзе. Мяркуем, што іх будзе вельмі шмат. Прынамсі, на мінулых выбарах іх было звыш за 19 тысяч. Думаю, што не менш будзе і зараз”.

Нягледзячы на такую колькасць назіральнікаў, датэрміновае галасаванне выклікае шмат нараканняў як у апазіцыйных палітыкаў, так і ў праваабаронцаў. Так, юрыст Валянцін Стэфановіч лічыць яго цалкам адмоўнай практыкай.

Валянцін Стэфановіч:
“Першае: як паказвае практыка, правядзенне датэрміновага галасавання выкарыстоўваецца дзеля забеспячэння яўкі, неабходнай для выбараў. І такім чынам забяспечваецца элегантная перамога — гэта два”.

У якасці пацверджання сваіх словаў ён прыводзіць факты падняволенага датэрміновага галасавання.

Валянцін Стэфановіч: “Дастаткова шмат сведчанняў таго, што студэнтаў выганяюць галасаваць датэрмінова, што фактычна ўсе вайскоўцы галасуюць датэрмінова, жыхары інтэрнатаў працоўных — датэрмінова. А паводле нашага заканадаўства, выбары — гэта справа добраахвотная. І я магу як удзельнічаць у іх, так і не ўдзельнічаць. Як і вызначаць, калі я гэта хачу зрабіць”.

Што тычыцца датэрміновага галасавання пад прымусам, то Мікалай Лазавік цвёрда ўпэўнены, што ніхто не можа кагосьці абавязаць гэта рабіць. Між тым прызнаў, што сярод тых жа студэнтаў праводзяць “тлумачальную” працу па неабходнасці галасаваць датэрмінова.

Мікалай Лазавік: “Ніхто не можа прымусіць любога грамадзяніна — ці то студэнта, ці то працоўнага, ці прафесара, ці то чыноўніка — галасаваць датэрмінова. Але мы настойліва рэкамендуем, каб сярод студэнтаў праводзілася тлумачальная і пэўная арганізацыйная праца. Каб стварыць умовы для датэрміновага галасавання такой мабільнай катэгорыі грамадзян”.

Акрамя студэнтаў, да “мабільнай катэгорыі” Лазавік аднёс маладых працоўных, якія жывуць у інтэрнатах, і ўсіх тых, хто любіць у выходны дзень з’ехаць на лецішча альбо на рыбалку.

Увогуле ж у датэрміновым галасаванні сакратар Цэнтрвыбаркама бачыць толькі плюсы і ніводнага мінуса. А што да размоў пра фальсіфікацыі падчас такога галасавання, то Лазавік называе іх прыдумкамі. Асабліва зараз, пасля ўнясення пэўных змен у выбарчае заканадаўства.

Мікалай Лазавік:
“Заканадаўства больш жорстка рэгламентуе сам працэс арганізацыі датэрміновага галасавання. Пасля заканчэння галасавання ў 19 гадзін шчыліна для бюлетэняў у скрыні павінна быць заклееная і там мусіць быць подпіс старшыні камісіі і сакратара. А ў памяшканні датэрміновага галасавання павінна быць вывешаная копія пратакола з указаннем колькасці грамадзян, якія прагаласавалі датэрмінова”.

Але нават гэтая мера не выклікае даверу ў праваабаронцы Стэфановіча.

Валянцін Стэфановіч:
“Назіральнік можа прысутнічаць падчас апячатвання скрыні, пры правядзенні самога датэрміновага галасавання. Але калі ўчастак зачыняецца, то што там адбываецца — ніхто не ведае”.

Даказваючы, што датэрміновае галасаванне — гэта не айчыннае ноў-хаў, Лазавік спасылаецца на прыклад Еўропы і ЗША, дзе яно таксама выкарыстоўваецца. Але Стэфановіч у сваю чаргу прыводзіць прыклад Украіны, дзе такое галасаванне адмянілі, і Расіі, дзе яго не захацелі ўводзіць. Каб асобныя кандыдаты не маглі скарыстаць адміністрацыйны рэсурс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі