Прыгоды ўдалага салдата Войтка: як мядзведзь ваяваў супраць нацыстаў

Войны ўплываюць не толькі на жыцці людзей, але і на лёсы жывёл / калаж Улада Рубанава
Войны ўплываюць не толькі на жыцці людзей, але і на лёсы жывёл / калаж Улада Рубанава

Войны ўплываюць не толькі на жыцці людзей, але і на лёсы жывёл, якія страчваюць гаспадароў і/ці дом альбо проста гінуць. Але ёсць і пазітыўныя гісторыі. Еўрарадыё ўспамінае прыгоды капрала Войтка — мядзведзя, які ваяваў разам з палякамі і брытанцамі супраць нацыстаў.

Прыгоды ўдалага салдата Войтка: як мядзведзь ваяваў супраць нацыстаў

Па дарозе з Ірана праз Ірак, Сірыю, Палесціну і Егіпет польскія салдаты прытулілі навабранца. У 1942 годзе ў Іране ім сустрэўся хлопчык, які нёс ледзь жывое асірацелае медзведзяня. Палякі вырашылі выкупіць яго за жменю персідскіх манет, крыху шакаладу, швейцарскі нож і слоік тушонкі. Назвалі яго тыповым польскім імем — Войтэк. 

Прыгоды ўдалага салдата Войтка: як мядзведзь ваяваў супраць нацыстаў

Салдаты пачалі адкормліваць Войтка згушчаным малаком, садавіной, мармеладам і мёдам. Мядзведзь хутка рос і неўзабаве стаў браць прыклад з навакольных яго мужчын: піў піва з бутэлькі і спрабаваў курыць цыгарэты. Хоць іх у Войтка атрымлівалася хутчэй грызці, чым курыць. Для палякаў, якія страцілі дом, прайшлі праз ГУЛАГ, а потым апынуліся за сотні кіламетраў ад акупаванай радзімы, мядзведзь стаў сапраўдным сябрам. Яны жартам змагаліся з ім, ладзілі баксёрскія паядынкі, з якіх Войтэк заўсёды выходзіў пераможцам, пры гэтым ён не пускаў у ход смяротна небяспечныя іклы і кіпцюры.

“Лёс Войтка быў вельмі падобны да лёсу многіх польскіх салдат. Многія нашы салдаты таксама страцілі ўсіх родных, яны былі сіротамі, так што мядзведзь быў сіратой сярод сірот. Можа, таму мы з ім так добра ладзілі?” — успамінаў пазней Войтэк Нарэмбскі, салдат Арміі Андэрса.

Прыгоды ўдалага салдата Войтка: як мядзведзь ваяваў супраць нацыстаў

З часам мядзведзь дасягнуў двухметровага росту і вагі ў 220 кілаграмаў. Праз гэта салдатам стала цяжка даказваць чыноўнікам у партах і на перасылках, што Войтэк — проста хатні гадаванец. Да гэтага моманту людзі моцна прывязаліся да жывёліны і вырашылі нарэшце прыняць яе на службу. Так мядзведзь Войтэк і стаў капралам з асабістым нумарам, плацежнымі дакументамі і афіцыйным забяспечаннем.

Палякі навучылі мядзведзя насіць скрыні з цяжкімі мінамётнымі снарадамі. Падчас бітвы за Монтэ-Касіна, як расказваюць відавочцы, Войтэк пад бесперапынным артылерыйскім абстрэлам дастаўляў да перадавой зарады для мінамёта. Паводле легенды, ён нібыта сам вызваўся добраахвотнікам — падышоў да грузавіка з боепрыпасамі і выцягнуў лапы, каб прыняць адну са скрыняў.

Прыгоды ўдалага салдата Войтка: як мядзведзь ваяваў супраць нацыстаў

Варта адзначыць, што ў менш гераічныя моманты Войтэк стараўся адлыньваць ад працы і часцей выбіраў для пераноскі пустыя скрыні.

Пасля бітвы пры Монтэ-Касіна 22-я рота забяспечання артылерыі, у якой служыў Войтэк, узяла сабе новы герб: сілуэт мядзведзя, які нясе снарад у лапах.

Прыгоды ўдалага салдата Войтка: як мядзведзь ваяваў супраць нацыстаў

Пасля заканчэння вайны частка польскіх жаўнераў вырашыла вярнуцца ў Польшчу, дзе ўсталяваўся лаяльны СССР рэжым, а частка адправілася ў Вялікабрытанію, бо баялася зноў трапіць у ГУЛАГ. Войтэк таксама стаў уцекачом і нейкі час жыў у лагеры ў Шатландыі. Там ён зрабіўся мясцовай зоркай: наведваў вясковыя танцы, імпрэзыі і канцэрты.

У выніку мядзведзя дэмабілізавалі і адправілі ў заапарк Эдынбурга. Час ад часу яго наведвалі саслужыўцы, якія без страху пералазілі праз агароджы вальера і частавалі яго півам і цыгарэтамі. Калі Войтэк чуў польскую мову, то сядаў на зямлю і падымаў лапу нібы ў ваярскім прывітанні.

Хоць “паляк” Войтэк ні разу не быў у Польшчы, там у 1958 годзе разгарнулася кампанія за яго “вяртанне”. Салдаты арміі Андэрса адказалі катэгарычнай адмовай адпраўляць мядзведзя ў сацыялістычную краіну.  

Пад канец жыцця капрал Войтэк ужо не вылучаўся такой прыязнасцю, як у маладосці. Адбівалася і самотнае жыццё ў няволі, і захворванне костак, ад якога ён моцна пакутаваў. Памёр мядзведзь 2 снежня 1963 года — задоўга да таго, як Польшча зноў стала незалежнай дзяржавай. 

Прыгоды ўдалага салдата Войтка: як мядзведзь ваяваў супраць нацыстаў

Помнік Войтку ў польскім Сопаце / Еўрарадыё

Помнік Войтку ў польскім Сопаце / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі