“Проста не будзе каму працаваць”: вынік “эйфарыі беспакаранасці” чыноўнікаў

“Проста не будзе каму працаваць”: вынік “эйфарыі беспакаранасці” чыноўнікаў

Беларускі рэжым са жніўня 2020 года старанна пачаў “чысціць Беларусь” ад “палітычна няправільных”. І калі раней рэпрэсіі закраналі людзей, непасрэдна задзейнічаных у беларускім палітпрацэсе, то цяпер полымя чыстак перакідваецца і на тых жа супрацоўнікаў дзяржустановаў — напрыклад, за лайк пад каментаром.

Калі звальненні і прысуды за найменшую праяву нязгоды з дзейнай уладай дасягнуць апагея, то ці застанецца каму працаваць у Беларусі?

— Мне здаецца, што гэтая пагроза існуе, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў. — Змякчэнне рыторыкі аб тым, каб “не перагінаць палку”, якраз скіравана на тое, што калі нехта будзе незадаволены тым, што яго сябра з прадпрыемства звольнілі, то гэта павінна спрацаваць як у сталінскія часы. То-бок “гэта следства памылілася, таварыш Сталін разбярэцца, таварыш Сталін добры”. Пагроза, натуральна, існуе, што проста не будзе каму працаваць.

— Па-першае, у іх зараз такая стратэгія — калі гэта можна назваць стратэгіяй, — якую прынялі ў момант, калі рэальна хісталася ўлада, — працягвае палітычны аглядальнік. — Маўляў, проста сілавым спосабам, праз тэрор і рэпрэсіі трэба гэта грамадства цалкам падпарадкаваць і зламаць яго волю. І за цаной, як кажуць, не пастаім. Кошт не важны, бо на коне ўлада, а разам з ёй і будучыня. Гэтае рашэнне паслядоўна выконваецца.

Па-другое, у палітыцы вялікую ролю адыгрывае суб’ектыўны псіхалагічны фактар. І менавіта зараз уся беларуская ўлада знаходзіцца на такім адрэналіне, на ўздыме і ў эйфарыі. Таму што яны бачаць, што тыя дзеянні, якія яны прадпрымаюць, сябе апраўдваюць. Здаецца, што “ўлада не хістаецца”, наадварот — узмацняецца. Апаненты “губляюць пазіцыі”, а ў адказ нічога страшнага не адбываецца. Такое становішча правакуе на тое, каб пашыраць гэтыя практыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі