Процька: Смяротнае пакаранне — спосаб трымаць грамадства ў паслушэнстве

10 кастрычніка — Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. Беларусь — адзіная краіна Еўропы, дзе смяротнае пакаранне дагэтуль прымяняецца. Каротка пра гэта Еўрарадыё пагутарыла з Таццянай Процькай.

Еўрарадыё: За што каралі беларусаў смяротным пакараннем за апошнія сто гадоў?

Таццяна Процька: Смяротнае пакаранне ў Беларусі — гэта не асаблівая прыкмета цяперашняга рэжыму. Ад савецкіх часоў смяротнае пакаранне было важнай формай утрымання людзей у паслушэнстве да ўлады. Сучасныя ўлады менавіта таму і захоўваюць гэтую меру. На розных этапах развіцця Беларусі лічбы пакараных розныя. У савецкія часы — вельмі значныя. Напрыклад, у 1937 годзе за адзін месяц расстралялі 12000 чалавек польскай нацыянальнасці — як польскіх шпіёнаў. У часы Лукашэнкі расстрэльвалі да 40 чалавек за год. У мінулыя гады расстрэльвалі па 1-2 чалавекі.

Еўрарадыё: А чаму за апошнія гады зменшылася колькасць? Ціск Еўропы?

Таццяна Процька: Зразумела. Усё ж Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і тыя працэсы, якія адбываюцца ў Еўропе, не могуць не адбівацца на жыцці краіны. Але тут важная не колькасць людзей, забітых дзяржавай, а тое, што смяротнае пакаранне застаецца, і ў тым ліку застаецца ў свядомасці людзей як форма ўплыву дзяржавы на паводзіны чалавека.

Еўрарадыё: У незалежнай Беларусі смяротнае пакаранне было ўведзенае пасля рэферэндуму 1996 года?

Таццяна Процька: Не, смяротнае пакаранне было ўвесь час. На рэферэндуме пытанне было акурат пра адмену смяротнага пакарання. Але я размаўляла ў свой час з кіраўніцтвам беларускай  пенітэнцыярнай сістэмы па гэтым пытанні, з тымі людзьмі, якія маюць дачыненне і да пакараных і да выканання прысуду. І мае суразмоўцы казалі, што такое пытанне ні ў якім разе нельга выносіць на рэферэндум, бо чалавек помслівы па сваёй прыродзе і гэтае пытанне павінна рэгуляваць сама дзяржава, улада. Калі б у нас была рэлігійная традыцыя, у якой з дзяцінства чалавеку закладваецца ўяўленне пра тое, што жыццё дадзенае богам і чалавек не павінен яго забіраць у іншага чалавека — тады іншае пытанне. А ў нас атэістычная дзяржава, амаль сто гадоў чалавечае жыццё нічога не каштавала. Са свайго дзяцінства я памятаю, як малады чалавек загінуў, ратуючы трактар на калгасным полі. Чалавечае жыццё і трактар — вось суадносіны. Так адбываецца і па сённяшні дзень.

Еўрарадыё: Ці ўсе постсавецкія краіны адмовіліся ад смяротнага пакарання пасля распаду Савецкага Саюза?

Таццяна Процька: Ад смяротнага пакарання не ўсе адмовіліся, але прыпынілі выкананне смяротных прысудаў. Напрыклад, у Расіі ўвялі мараторый на смяротнае пакаранне. А ў нас няма нават мараторыя, які з’яўляецца першым крокам пры адмене смяротнага пакарання. Беларусь — адзіная краіна, якая не ўвяла такога мараторыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі