Прэзідэнтава Рыта паступіла ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце

Як даведалася Еўрарадыё, дзяўчыне нават у прыёмнай камісіі зрабілі палёгку. УАкадэмію кіравання пры прэзідэнце на факультэт дзяржаўнага кіравання і права сёлета паступіла крычаўская абітурыентка Маргарыта Прэзідэнтава.

Еўрапейскае радыё вырашыла высветліць, ці ёсць гэта выпадковасцю і ці шанцуе дзяўчыне з такім прозвішчам. Аказалася, што і сваё паступленне Рыта таксама лічыць удачай:

Рыта
: У мяне былі пэўныя праблемы з даведкай. Спярша думалі, што наогул мяне прымаць не будуць. Але прышоў нехта з галоўных у прыёмнай камісіі, паглядзеў і пажартаваў: “З такім прозвішчам? Ладна, афармляйце.” І мяне адразу без пытанняў аформілі. Толькі сказалі, каб я са свайго гораду іншую даведку прывезла.

Рыта: У мяне, дарэчы, быў выбар, куды паступаць -- у БДУ ці Акадэмію пры прэзідэнце, але я вырашыла, што мне з такім прозвішчам дарога менавіта ў акадэмію.

Але да апошняга часу дзяўчына хвалявалася, не ведала, ці зможа прайсці на бюджэт, бо яе бал сертыфіката быў 305, а прахадны на факультэце, куды Маргарыта паступала, склаў 303 балы. Сям’я Прэзідэнтавых абмяркоўвала, ці падужае платнае навучанне.

Рыта: Бацька нават думаў прадаваць машыну, бо лічыў, што я павінна атрымаць вышэйшую адукацыю.

Студэнтка ўжо задумваецца пра будучыню. Дакладна ведае, што не памяняе прозвішча, у крайнім разе возьме двайное. А працаваць яна хоча:

Рыта: Толькі не прэзідэнтам. Кім атрымаецца, але -- каб вышэй. І каб праца была высокааплачваемая. Хочацца ў горад вырвацца. Нездарма ж я паступала ў сталічную ВНУ.

Еўрапейскае радыё высветліла, што нарадзілася Маргарыта ў Саратаве, а пасля з сям’ёй пераехала на радзіму бацькі ў Крычаў. Там зараз падрастае яе брат Аляксандр Прэзідэнтаў, які захапляецца спортам.

Рыта: Цікавіўся вольнай барацьбой, цяпер футболам. Хакеем не захапляецца, бо ў нас у Крычаве няма ўмоваў для хакею.

А на пытанне Еўрапейскага радыё, ці лёгка ёй жыць з такім прозвішчам, Маргарыта без ценю сумневу адказала:

Рыта: Усім яно падабаецца, а некаторыя нават заздросцяць. Кажуць, што з такім прозвішчам табе заўжды будзе “зялёнае святло.”

Магчыма, як і хлопцу з прозвішчам Ламаносаў, які ў гэтым годзе таксама стаў студэнтам Акадэміі кіравання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі