Прэзідэнт Турцыі Эрдаган выйграў рэферэндум аб пашырэнні паўнамоцтваў

Большасць жыхароў Турцыі на нацыянальным рэферэндуме прагаласавала за пашырэнне прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Пра гэта заявіў Вышэйшы выбарчы савет краіны. 

На рэферэндуме былі прынятыя папраўкі да канстытуцыі, якія даюць прэзідэнту беспрэцэдэнтныя паўнамоцтвы, паведамляе Бі-Бі-Сі. У прыватнасці, ён можа цяпер заставацца на сваёй пасадзе да 2029 года.

У Турцыі падлічылі ўжо больш за 99,45% бюлетэняў. За папраўкі ў канстытуцыю выказаліся 51,37% удзельнікаў плебісцыту, супраць — 48,63%. Астатнія галасы ўжо не паўплываюць на вынікі рэферэндуму. 

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган абвясціў пра перамогу, не чакаючы афіцыйнага абвяшчэння вынікаў.

Апазіцыя збіраецца аспрэчваць вынікі галасавання. Паводле папярэдніх звестак, супраць зменаў прагаласавала большасць жыхароў самых буйных гарадоў краіны — Стамбула, Анкары, Ізміра. Не падтрымалі папраўкі ў канстытуцыю таксама туркі, якія жывуць у Расіі, Вялікабрытаніі ды ЗША. А вось турэцкія грамадзяне, якія пражываюць у краінах цэнтральнай Еўропы, выказаліся за прапанаваныя рэформы.

У выніку нядзельнага галасавання Турцыя ператворыцца з парламенцкай у прэзідэнцкую рэспубліку. Эрдаган атрымае права абвяшчаць надзвычайнае становішча, асабіста прызначаць міністраў, выдаваць указы, якія маюць статус законаў, выбіраць суддзяў большасці вышэйшых судоў і распускаць парламент.