Вы тут

Прэзідэнт IIHF Рэнэ Фазель адказаў Алене Леўчанка: гатовы сустрэцца і выслухаць

Алена Леўчанка і Рэнэ Фазель / старонка Алены Леўчанка ў Facebook​

Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) заўсёды імкнецца праводзіць свае чэмпіянаты ў аптымальных умовах для спартсменаў, гледачоў і СМІ, бяспека пры гэтым таксама ўлічваецца. Пра гэта гаворыцца ў адказе прэзідэнта IIHF Рэнэ Фазеля, які атрымала беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка. Тэкст яна размясціла на сваёй старонцы ў Facebook.

Раней яна накіравала Фазелю ліст, у якім як калега-спартсменка пыталася ў спартыўнага чыноўніка, наколькі дарэчна "праводзіць чэмпіянат у краіне, дзе гвалт, парушэнне правоў чалавека і прававы дэфолт сталі штодзённай справай". Леўчанка нагадала, што хакеем у Беларусі кіруюць дзяржчыноўнікі і людзі, набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі"Мы просім Вас не спансараваць рэжым, ні фінансава, ні маральна, а праявіць салідарнасць з народам Беларусі і быць бескампрамісным у барацьбе са злом і беззаконнем", — пісала Леўчанка Фазелю. 

У адказ Фазель напісаў, што гатовы выслухаць прапановы Леўчанка наконт таго, як правесці чэмпіянат свету, не кранаючы палітычны парадак. Такі ж дыялог, паводле яго слоў, запланаваны і з урадам Беларусі.

Шанцаў на тое, што ў краіне ў найбліжэйшы час адбудуцца глабальныя змены, амаль няма, піша Фазель. Тым не менш ён спадзяецца, што дыялог з урадам і апазіцыяй дапаможа знайсці магчымасці для правядзення "апалітычнага чэмпіянату" ў Мінску і Рызе.

У дакуменце, падпісаным Рэнэ Фазелем і генеральным сакратаром IIHF Хорстам Ліхтнерам, таксама паведамляецца, што незалежны дысцыплінарны камітэт Федэрацыі пачаў расследаванне ў дачыненні да Дзмітрыя Баскава.

Акрамя таго, кіраўніцтва IIHF прапанавала Алене Леўчанка правесці сустрэчу для абмеркавання сітуацыі вакол чэмпіянату свету па хакеі. Праз абмежаванні ў сувязі з каранавірусам прыляцець у Цюрых ёй будзе цяжка, таму сярод магчымых месцаў сустрэчы разглядаецца Масква.

У панядзелак таксама стала вядома, што Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) дасць адказ аб тым, дзе пройдзе чэмпіянат свету 2021 года, да 11 студзеня.  Турнір павінныя былі прыняць Беларусь і Латвія, аднак пасля масавых рэпрэсій і гвалту ў Беларусі ўрад Латвіі адмовіўся праводзіць сумесны чэмпіянат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.