Прэтэндэнтка “Славянскага базару” сарвала голас, спяваючы для вяскоўцаў

Ганна Благава, якая сёлета будзе прадстаўляць Беларусь на “Славянскім базары”, зараз інтэнсіўна лечыцца і вяртае голас. Як стала вядома Еўрапейскаму радыё, напярэдадні фестывалю спявачцы перастала падабацца гучанне голасу і стала няўтульна спяваць, таму яна вырашыла звярнуцца да спецыялістаў-фаніятараў.

Яны не выявілі ніякай паталогіі, але загадалі ўстрымацца ад спеваў, размоваў і іншых напружванняў звязак, у тым ліку ад праслухоўвання музыкі. Да таго ж, Ганне забаранілі ўжываць ў ежу вострае, смажанае і халоднае.

Благава: Адчуваю, што да “Славянскага базару” стану вегетарыянкай. Бо я вельмі люблю вострае мяса, добра пасоленае. Люблю халоднае і шмат з таго, ад чаго я зараз вымушаная адмовіцца.

Прычынай праблем з голасам канкурсантка і ўрачы лічаць стомленасць. Мінулым летам артыстка шмат працавала з тэатрам Ірыны Дарафеевай і ўдзельнічала ў акцыях “Майстры культуры — працаўнікам вёскі”:

Благава: Мы ездзілі і давалі па 3 канцэрты на дзень 6 разоў на тыдні. Відаць, таму мае звязкі і стаміліся.

Вымушаны адпачынак спявачкі хутчэй за ўсё скончыцца за тыдзень да “Славянскага базару”, дзе яна плануе выканаць песню “Чекай” з рэпертуару Таісіі Павалій і песню-сюрпрыз, пра якую пакуль нікому нічога не распавядае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі