Прэміі Табакова атрымалі самыя таленавітыя і бедныя студэнты

Алег Табакоў падзяліўся сваім ганарарам за фестываль “Панарама” з двума беларускімі студэнтамі-акцёрамі з Акадэміі мастацтваў, а тыя падзяліліся ім яшчэ з двума. У выніку кожны студэнт мае па паўтара мільёна рублёў. Цяпер таленавітыя, але малазабяспечаныя маладыя акцёры набываюць сабе зімовую вопратку і абутак. Афіцыйна прэмію ад Табакова далі двум маладым акцёрам, але ўрэшце яна падзялілася на чатырох студэнтаў тэатральнага факультэта. Гэта Кацярына Ліпкоўская, Максім Брагінец, Зміцер Грыневіч і Лана Анцарыдзэ. Для іх грошы былі нечаканасцю, бо іх ніхто пра такое не папярэджваў, распавяла нам Кацярына Ліпкоўская.

Кацярына Ліпкоўская: “Нам паведамілі за два дні да прыезду Табакова, што для нас будзе сюрпрыз. Але што гэта, не сказалі. Нас проста пасадзілі ўсіх на першы шэраг, а потым выклікалі. І аказалася, што гэта была матэрыяльная ўзнагарода. І Табакоў сам сказаў, што гэта частка яго ганарара, які ён зарабіў у Беларусі”.

Алег Табакоў даволі часта дае студэнтам-тэатральшчыкам такія стыпендыі. Але гэта ў асноўным расійскія маладыя людзі. На Беларусі такое ўпершыню. І гэта не дзіва: апошні раз МХАТ быў тут дваццаць гадоў таму. Загадчыца літаратурнай часткі МХАТа Вольга Туркестанава распавяла Еўрарадыё, што Табакоў пастаянна так падтрымлівае маладых, бо добра ведае, што такое галоднае студэнцтва.

Вольга Туркестанава: “Гэта асабістая прэмія Алега Паўлавіча. Двум студэнтам, якія лепш за ўсіх вучацца. Нам давалі на выбар, мы чыталі іх біяграфіі. Адбіраў не Алег Паўлавіч, не - адбірала я. Калі я прачытала, што хлопец з сям’і, дзе пяць дзяцей, я гэта, канешне, улічвала. А як жа? Так, там усё было напісана: і творчасць іх, і з якой яны сям’і. Але найперш, канешне, вучоба. Гэта асабістая задума Алега Паўлавіча. Яму самому было калісьці складана. Гэта яго пазіцыя: трэба дапамагаць тым, хто хоча вучыцца. Ён усё жыццё дапамагаў сваім студэнтам: калі ў іх не было грошай, вазіў ім бульбу, моркву, цыбулю… Яшчэ першае пакаленне “Табакеркі” так расло. І заўсёды калі недзе выступаў і атрымліваў ганарар прадуктамі, то адсылаў іх студэнтам у інтэрнат. Яны так жылі па пяць гадоў. Нават калі яны выраслі, і быў у краіне крызіс, ён тое ж рабіў. Ён гэта вельмі добра разумее, што такое галодныя студэнты”.

Спісы намінаваных на табакоўскую стыпендыю складала кіраўніцтва Акадэміі мастацтваў. Яны вылучылі чатыры кандыдатуры, з якіх Вольга Туркестанава выбрала дзве. Дэкан тэатральнага факультэта Акадэміі Уладзімір Мішчанчук распавёў нам, што галоўнымі патрабаваннямі былі выдатная вучоба і складанае матэрыяльнае становішча.

Уладзімір Мішчанчук: “Там было ўсё: адкуль, “дзе нарадзіўся, дзе хрысціўся”, склад сям’і. Напрыклад, Максім Брагінец, мой вучань, у яго маці чатыры дзіцяці, і ўсе студэнты. Чатыры студэнты, і адзін з іх артыст! У кагосьці няма бацькоў, напалову сірата. Практычна ўсе з вёсак. Галоўны крытэр – выдатная вучоба, другі – сацыяльнае становішча. Яны ўсе ў нас выдатнікі, у іх падвышаныя стыпендыі. Вось у нас такіх чацвёра. З іх выбралі дваіх, а яны падзялілі свае стыпендыі з тымі двума”.

Падзяліць грошы была ўсё ж ініцыятыва дэканата. Маўляў, стыпендыя вялікая, значна большая за звычайную студэнцкую, таму няхай яна дастанецца ўсім, каму патрэбная. Дарэчы, кожны са студэнтаў атрымлівае падвышаную стыпендыю, гэта 112 тысяч рублёў. То бок цяпер яны атрымалі ў 13 разоў большую.

Кацярына Ліпкоўская: “Нам далі шэсць мільёнаў рублёў на дваіх. Але нам дэканат сказаў, што было чатыры кандыдатуры, ну і… пажадана б падзяліць на чатырох. Ветліва нам параіў. І мы падзялілі”.

Талент усіх студэнтаў адзначаны рознымі ўзнагародамі, і іх матэрыяльная незабяспечанасць усё ж была не галоўным крытэрам пры намінаванні.

Кацярына Ліпкоўская: “Я, напрыклад, лаўрэат прэзідэнцкага фонду. І ездзіла ў 2003 на “Еўрабачанне”, мы тады былі першымі, хто паехаў на дзіцячае “Еўрабачанне”, занялі чацвёртае месца, тры разы сустракаліся с прэзідэнтам. Перамагала на конкурсе ў Кішынёве. Быў конкурс “За Беларусь” , я там таксама ўдзельнічала”.

Куды патрацяць грошы стыпендыянты, канешне, іх справа. Але дэкан тэатральнага факультэта кажа, што першыя пакупкі ўжо запланаваныя.

Уладзімір Мішчанчук: “Чуў так краем вуха. Нехта набывае сабе цёплую вопратку, нехта абутак, нехта джынсы, курткі цёплыя сабе да Новага году. Карацей, на свае асабістыя патрэбы. Вось купілі торты, пілі з усімі гарбату. Ну, я думаю, што гэтай стыпендыі хопіць ім, каб набыць добрыя паліто, добрыя курткі, паўшубкі, джынсы, пантофлі…”

Ці будзе Алег Табакоў сачыць далей за поспехамі сваіх стыпендыянтаў, сказаць складана. Іх у яго шмат, і ёсць яшчэ свае “табакераўцы”. Але на развітанне ён сказаў, што, магчыма, гэта прэмія не апошняя.

Уладзімір Мішчанчук: “Ён уручаў і ў канцы, калі развітваўся, сказаў ім: “Да наступнай стыпендыі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі