Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі прызначыў на ліпень усеагульныя выбары

Лондан, ілюстрацыйнае фота

Лондан, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Усеагульныя выбары ў Вялікабрытаніі пройдуць 4 ліпеня. Такую дату прызначыў прэм'ер-міністр краіны Рышы Сунак.

Таксама ён папрасіў караля Карла III распусціць парламент перад выбарамі ў адпаведнасці з афіцыйнай працэдурай, і кароль пагадзіўся.

Рышы Сунак заявіў журналістам, што ганарыцца дасягненнямі свайго ўрада ў нялёгкія часы, перадае Бі-Бі-Сі. Ён згадаў пандэмію каранавіруса і вайну ва Украіне, якая не толькі пагражае глабальнай бяспецы, але і адбілася на рахунках за электрычнасць у Брытаніі. Прэм'ер падкрэсліў, што цяпер брытанская эканоміка працягвае расці, а інфляцыя вярнулася да нармальнага ўзроўню.

У сваю чаргу лідар лейбарыстаў Кір Стармер кажа, што настаў час змяніць краіну і грамадства з дапамогай выбараў. На яго думку, калі кансерватары застануцца яшчэ на пяць гадоў, то ў краіне нічога не зменіцца.

"Разам мы можам спыніць хаос, адкрыць новую старонку і пачаць аднаўляць Брытанію і мяняць нашу краіну", — перадае Бі-Бі-Сі словы Стармера.

У грамадскіх апытаннях кансерватары сур'ёзна адстаюць ад лейбарыстаў — больш чым на 20%. Скараціць гэты разрыў ім не ўдаецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі