Праз налепку "Пагоня" віцебскага актывіста прымушаюць перарабіць пашпарт

Барыс Хамайда / vitebskspring.org

Барыс Хамайда / vitebskspring.org

Віцебскаму актывісту Барысу Хамайду не вярнулі ягоны пашпарт пасля арышту ў 15 дзён, паведамляюць віцебскія праваабаронцы. Арышт яму прызначылі за "незаконнае пікетаванне", а дакладней — за налепку ў пашпарце з выявай "Пагоні". Налепку ўбачыў памежнік, які правяраў дакументы на выхадзе з цягніка Полацк — Бігосава. 75-гадовы Хамайда ехаў далучыцца да пешай пілігрымкі. У выніку актывіста затрымалі.

У судзе Хамайда казаў пра тое, што выява "Пагоні" з'яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю, яна прысутнічае на дзяржаўным гербе Віцебскай вобласці. Але на суддзю гэтыя аргументы не падзейнічалі, актывіста арыштавалі на 15 сутак. Пры вызваленні супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што пашпарт Барысу не вернуць, бо лічаць дакумент "наўмысна пашкоджаным". Актывіст павінен звярнуцца ў пашпартны стол, заплаціць пошліну і атрымаць новы пашпарт.

Затое Барысу Хамайду вярнулі тэлефон: у ім не знайшлі ні "экстрэмісцкіх" падпісак, ні фатаграфій, за якія яго можна было б прыцягнуць да адказнасці. Адзначым, што год таму Хамайду ўжо затрымлівалі за "Пагоню" — на медальёне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі