Правілы жыцця Шымона Перэса

Калісьці хацелі, каб усе людзі былі роўныя. Цяпер кажуць: хай усе будуць рознымі, але шчаслівымі.

Еўрарадыё публікуе падборку выказванняў Шымона Перэса на самыя розныя жыццёвыя тэмы.

Гасподзь Бог даў кожнаму з нас 350 мільёнаў хвілін для жыцця. І чалавеку трэба вырашаць, што рабіць з усімі гэтымі хвілінамі.

Не будзьце песімістамі — гэта марнаванне часу.

У мінулым няма ні будучыні, ні надзеі.

У жыцці галоўнае не кім быць, а што рабіць.

Калі вашых мараў больш, чым дасягненняў — значыць, вы ўсё яшчэ маладыя.

У вас ёсць значна больш, чым вы думаеце. Не будзьце гультаяватымі.

Я не ведаю, адкуль людзі бяруць энергію, каб праводзіць дні ў бяздзейнасці і ляноце.

Невуцтва раздзімае полымя нянавісці.

Вы хочаце сумленнай палітыкі — ідзіце і рабіце сумленную палітыку.

Дэмакратыя сёння — гэта не толькі права на роўнасць, але і права на тое, каб быць іншым.

Мы думаем, што праблемы заўсёды важней іх рашэння. Але калі азірнемся назад, то застаюцца адны рашэнні.

Сёння тэхналогіі значна больш пераканаўчыя, чым якія-небудзь стратэгіі.

Маладым належыць сучаснасць. Будучыня належыць такім, як я, хто ўжо многае паспытаў.

Пра людзей трэба меркаваць паводле іх учынкаў, не браць у разлік чуткі, якія гэтыя ўчынкі суправаджаюць.

Перамовы вельмі цяжка весці ў сітуацыі, калі абодва бакі хочуць выставіць сябе поўнымі пераможцамі.

Сілай нельга дамагчыся двух рэчаў — міру і любові.

Біл Гейтс і Марк Цукерберг здзейснілі рэвалюцыі больш велічныя, чым Ленін. І зрабілі гэта, не праліўшы ні адзінай кроплі крыві, звязаўшы разам мільярды людзей.

Сёння дасягнуць міру можна хутчэй пры дапамозе навукі, а не палітыкі.

Калісьці хацелі, каб усе людзі былі роўныя. Цяпер кажуць: хай усе будуць рознымі, але шчаслівымі.