Правацэнтрысцкая кааліцыя ўзгадніла спіс прэтэндэнтаў у кандыдаты

Правацэнтрысцкая кааліцыя ўзгадніла спіс прэтэндэнтаў у кандыдаты

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць рух "За Свабоду", Аб'яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", узгадніла спіс прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты па 95 са 110 выбарчых акругаў. Пра гэта было заяўлена 10 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, інфармуе БелаПАН.

Паводле слоў першага намесніка старшыні руху "За Свабоду" Юрыя Губарэвіча, прэтэндэнты ад правацэнтрысцкай кааліцыі будуць вылучацца як шляхам збору подпісаў, так і ад палітычнай партыі. Падрыхтаванае сумеснае пасланне, якое будуць выкарыстоўваць кандыдаты ў дэпутаты. "Яго пункты тычацца супольных каштоўнасцяў, якія нас аб'ядноўваюць. Гэта свабода, годнасць асобы, дэмакратычнае ўладкаванне Беларусі, унікальнасць беларускай мовы і нацыянальных традыцый. Мы выступаем за еўрапейскі выбар Беларусі як спосаб адстойвання нашых нацыянальных інтарэсаў і гарантыю ўстойлівага развіцця дзяржавы і грамадства", — адзначыў палітык.

Таксама сярод галоўных прыярытэтаў праграмы, сказаў Губарэвіч, значацца "аднаўленне дэмакратыі, вяртанне парламенцкай формы кіравання і правядзенне палітычных рэформаў, барацьба з карупцыяй, супрацьдзеянне пагрозам суверэнітэту з боку Расіі, максімальнае збліжэнне з краінамі Еўрасаюза, шырокае інфармаванне грамадзян аб перавазе еўрапейскага выбару краіны".

Асобна Губарэвіч адзначыў, што правацэнтрысцкая кааліцыя "на сёння з'яўляецца адзінай паслядоўнай праеўрапейскай сілай унутры Беларусі". "На гэтых прынцыпах мы і будзем будаваць кампаніі нашых кандыдатаў", — падкрэсліў ён.

Губарэвіч лічыць, што парламенцкія выбары, якія адбудуцца 11 верасня, пройдуць "не так гладка", як кажуць прадстаўнікі ўлады. "На некаторых нашых прэтэндэнтаў ужо робіцца націск, у прыватнасці па месцы працы", — паведаміў ён.

Правацэнтрысты заявілі, што плануюць правесці кангрэс дэмакратычных сіл, які стаў бы сумесным стартам парламенцкай выбарчай кампаніі гэтага года. Яны перакананыя, што няма ніякіх падставаў, каб казаць, што ў Беларусі пройдуць свабодныя і справядлівыя выбары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі