Праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі адмовіцца ад смяротнага пакарання

Праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі адмовіцца ад смяротнага пакарання

Беларускія праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы заклікалі ўлады Беларусі адмовіцца ад смяротнага пакарання. Іх сумесная заява была апублікавана на сайце spring96.org. Яна з'явілася пасля таго, як стала вядома, што 5 лістапада ў СІЗА МУС № 1 Мінска былі прыведзеныя ў выкананне смяротныя прыгаворы ў дачыненні да Івана Куляша, Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага.

"Разам з расстраляным у красавіку Сяргеем Івановым на працягу гэтага года ў Беларусі былі пакараныя чатыры чалавекі, а лёс Сяргея Вострыкава, прыгавор у дачыненні да якога ўжо набыў законную моц і які знаходзіцца ў камеры смяротнікаў СІЗА № 1, нам невядомы", — адзначаецца ў заяве. У ёй падкрэсліваецца, што Беларусь застаецца апошняй краінай Еўропы, якая "прымяняе такі бесчалавечны і варварскі метад пакарання на практыцы".

Праваабаронцы мяркуюць, што наяўнасць і прымяненне на практыцы смяротнага пакарання "заўсёды ўтрымлівае пагрозу пазбаўлення жыцця невінаватых, пагрозу прымянення смяротнага пакарання ў палітычных мэтах". Падкрэсліваецца, што ні адна судовая сістэма свету, у тым ліку і беларуская, не з`яўляецца ідэальнай і застрахаванай ад судовых памылак.

Праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі адмовіцца ад смяротнага пакарання і прымяняць іншы альтэрнатыўны від пакарання для асуджаных за ўчыненне асабліва цяжкіх злачынстваў — пажыццёвае зняволенне, а таксама неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да поўнай яго адмены.

Заяву падпісалі Беларускі Хельсінскі Камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі, грамадская кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", Беларуская асацыяцыя журналістаў ды іншыя структуры. Цалкам заяву гл. тут.

Нагадаем, кіраўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Федэрыка Магерыні выступіла з заявай у сувязі з трыма смяротнымі пакараннямі ў Беларусі. Яна адзначыла, што "захады, зробленыя Беларуссю па павазе да ўніверсальных фундаментальных каштоўнасцяў, вяршэнства закона і правоў чалавека, уключаючы смяротнае пакаранне, будуць заставацца ключавымі для фарміравання далейшай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі