Праваабаронцы прызналі палітвязнямі групу беларускіх падпольшчыкаў

Удзельнікі працэсу па справе "Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі" / sb.by
Удзельнікі працэсу па справе "Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі" / sb.by

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі групу беларускіх падпольшчыкаў, якія ў снежні 2022-га былі асуджаны на вялізныя тэрміны па справе так званых "Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі". У спісе Наталля Матвеева (14 гадоў калоніі), Вадзім Гулевіч (18 гадоў калоніі), Кірыл Ашурак (13 гадоў калоніі), Аляксей Глотаў (20 гадоў калоніі) і Дзмітрый Сасноўскі (20 гадоў калоніі). Іх прызналі вінаватымі па шматлікіх артыкулах, у тым ліку "акт тэрарызму", "удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі", "дапамаганне ў акце тэрарызму".

Праваабаронцы заявілі, што "ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя з пазбаўленнем волі на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў". Адзначаецца, што "кваліфікацыя дзеянняў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павінна ўкладвацца ў гэта паняцце". У заяве адзначаецца, што "судовы разгляд... адбыўся з грубымі парушэннямі". У выніку праваабаронцы зафіксавалі "неправамерна жорсткую кваліфікацыю дзеянняў усіх абвінавачаных і прызначэнне ўсім ім надзвычай суровага пакарання". Яны ўбачылі "палітычны матыў пераследу абвінавачаных". Праваабаронцы патрабуюць перагледжання прысудаў і вызвалення згаданых палітвязняў.

На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1493 палітычных зняволеных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі