Пратэстовец — у судзе: сілавікі пагражалі згвалтаваннем, спрабавалі зняць штаны

Пратэстовец — у судзе: сілавікі пагражалі згвалтаваннем, спрабавалі зняць штаны

У Маладзечне судзяць пратэстоўца 21-гадовага Вадзіма Гурмана. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу:  "Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады" (ч. 1 арт. 342 КК) і "Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" (арт. 364 КК), паведамляе spring96.org.

Гурман удзельнічаў у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, якая прайшла ў Маладзечне 9 жніўня. Пацярпелымі прызналі адразу шэсць міліцыянераў (некаторыя з іх хочуць атрымаць кампенсацыю маральнай шкоды). Паводле іх слоў, хлопец "заводзіў натоўп, правакаваў агрэсію, выкрыкваў пагрозы".

19 жніўня ў судзе дапыталі Вадзіма Гурмана. Ён прызнае, што быў на цэнтральнай плошчы і задаваў пытанні прысутным міліцыянерам. Напрыклад, цікавіўся, "за што ім плацяць, даюць кватэры". Сілавікі на яго не рэагавалі. Пасля разгону калоны пратэстоўцаў Гурман пайшоў дахаты. Ён не прызнаў сваёй віны па артыкуле пра пагрозы прымянення гвалту. Расказваў, што падчас затрымання 11 жніўня яму залілі газам твар, білі. Збіццё працягнулася ў аддзеле міліцыі.

Па словах Гурмана, яму і яшчэ аднаму затрыманаму пагражалі згвалтаваннем і спрабавалі зняць штаны. Аднак міліцыянеры ўсё ж спыніліся па камандзе кагосьці з міліцэйскага кіраўніцтва.

"У міліцыі было страшна, думаў, што не выйду ўжо адтуль", — сказаў на судзе малады чалавек. Ён сцвярджае, што падпісваў пасля затрымання пад ціскам нейкія паперы, але чытаць іх змест не мог.

Працэс працягнецца 21 студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі