Пракурор просіць аштрафаваць менеджара ФК "Шахцёр" за дамоўныя матчы

Уладзімір Нідэргаўс на судзе / БЕЛТА
Уладзімір Нідэргаўс на судзе / БЕЛТА

11 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска будзе агучаны прысуд былому спартоваму дырэктару салігорскага футбольнага клуба "Шахцёр" Уладзіміру Нідэргаўсу, паведамляе "Мінская праўда".

Дзяржабвінаваўца падчас судовых спрэчак адзначыла, што Нідэргаўс фактычна прызнаў сваю віну, але, па яго словах, кіраваўся не карыслівасцю, а толькі выконваў указанне начальства.

На працэсе было ўстаноўлена, што Нідэргаўс дамаўляўся з трэнерам мінскага "Энергетыка-БДУ" Анатолем Юрэвічам і футбалістам бабруйскай "Белшыны" Дзмітрыем Гомзам, каб яны забралі ачкі ў чэмпіянаце ў мінскага "Дынама". За гэта абедзве каманды атрымалі ўзнагароды ў валюце. У заключным туры "Белшына" саступіла "Шахцёру", а "Энергетык-БДУ" здаўся "Дынама". У выніку салігорскі клуб стаў чэмпіёнам Беларусі.

Дзяржабвінаваўца прасіла ўлічыць раскаянне падсуднага і стан здароўя ды пакараць яго штрафам у 5000 базавых велічыняў (185 тысяч рублёў). А таксама — вызваліць з-пад варты ў зале суда і зняць арышт з яго маёмасці. Пагатоў, што 180 тысяч рублёў Нідэргаўс ужо ўнёс у кошт пагашэння штрафу.

У сваім заключным слове Нідэргаўс дадаў, што выплата штрафу дазволіць яму выехаць у Германію, каб працягнуць неабходнае лячэнне.

Скандал з футбольным клубам "Шахцёр" стаў самым гучным у беларускім футболе за апошнія гады. Клуб быў пазбаўлены чэмпіёнства, атрымаў вялікі фінансавы штраф і быў пазбаўлены ачкоў. Дзясяткі футбалістаў былі дыскваліфікаваныя. Пацярпелі і іншыя беларускія клубы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі